БХД працягвае ствараць ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча



Беларуская хрысціянская дэмакратыя працягвае фарміраваць ініцыятыўную групу па вылучэнні палітычнага вязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Стакевіча для ўдзелу ў новай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі. Паводле сустаршыні БХД Паўла Севярынца, гэта даўняя ідэя, але тое, што на Статкевіча зноў пачаўся моцны ціск – з калоніі яго пераводзяць у турму, толькі падштурхнула прадстаўнікоў апазіцыі вярнуцца да яе. Зараз у ініцыятыўную групу Статкевіча запісалася больш за 500 прыхільнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі:

– Ідэя даўняя, яе выказвалі прадстаўнікі партыі Статкевіча, пасля Уладзімір Някляеў, пасля Анатоль Лябедзька, пасля гэтая ідэя прапаноўвалася як аб’яднаўчая – вылучыць Статкевіча ў 2015-ым. Мы не назавем гэта прэзідэнцкімі выбарамі, таму што выбараў няма. Але само вылучэнне Статкевіча ламае тую схему, якую прапаноўваюць беларускія ўлады. Вылучаецца Статкевіч, які сядзіць у турме з мінулых так званых прэзідэнцкіх выбараў. Адразу бачна, што за выбары ў двухкоссі адбываюцца, адразу бачны кашталт рэжыму.

Беларускі рэжым зараз спрабуе зрабіць выгляд, што сітуацыя для яго вельмі добрая, што Захад прымае існую сітуацыю. Але яе не прымае значная частка беларускага грамадства, не прымаюць сваякі палітвязняў. „Думаю, што да ініцыятыўных груп у падтрымку Мікалая Статкевіча далучыцца яшчэ шмат людзей і гэта стане крокам салідарнасці як з Мікалаем Статкевічам, так і з іншымі палітвязнямі”, – сцвярджае Павел Севярынец.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя