БХД стварае Камітэт выратавання прадпрымальніцтва



Аргкамітэт партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” прыняў рашэнне дапамагчы прадпрымальніцкаму руху Беларусі і стварае Камітэт выратавання прадпрымальніцтва.

Як паведаміў сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец, 11 лютага ў Менску прайшоў сход ініцыятыўнай групы камітэта, у які ўвайшлі 12 чалавек: ІП з Гродна і Гродзенскага раёна, Гомеля, Менска і Менскага раёна, Слоніма, Кобрына, а таксама актывісты БХД. „Людзі, якія сабраліся, не вераць уладзе, што яна здолее вырашыць праблемы прадпрымальнікаў”, — адзначыў Севярынец.

Паводле яго слоў, ініцыятыўная група мае намер выступіць са зваротам да ўладаў 15 лютага, а на 25 лютага ў Мінску запланаваная „шырокая сустрэча для каардынацыі намаганняў у справе абароны правоў і інтарэсаў прадпрымальнікаў”.

Нагадаем, 1 студзеня 2016 года ў Беларусі набыў моц указ прэзідэнта № 222 „Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі”. Згодна з дакументам ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што не могуць выканаць патрабаванні ўказа, бо большасць расійскіх пастаўшчыкоў, у якіх яны закупляюць тавар, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі.

Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 9 лютага з дакладам міністра гандлю Уладзіміра Калтовіча, запатрабаваў прыняць меры „для працы ў роўных умовах ўсіх гандлёвых структур”, не звяртаючы ўвагі на незадаволенасць ІП. „Рабіце так, каб і дзяржаўны гандаль, і прыватны, замежнікі і свае былі ў роўных умовах. І не глядзіце на забастоўкі нейкіх іпэшнікаў ці яшчэ кагосьці. Мы дакладна дамовіліся летась. Мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне. Мы дамовіліся — у гэтым ключы трэба дзейнічаць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by