БХД у канцы снежня правядзе чарговы ўстаноўчы з’езд
Аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) 23 снежня плануе чарговы раз правесці ўстаноўчы з’езд арганізацыі.
„Зноў будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю”, — паведаміў БелаПАН сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Паводле яго слоў, шанцы ў арганізацыі на афіцыйную рэгістрацыю невялікія. „Але трэба біць у адну кропку. Рана ці позна мы будзем зарэгістраваныя. Акрамя таго, правядзенне з’езда для нас з’яўляецца яшчэ і працай з людзьмі”, — сказаў Севярынец.
БХД ужо шэсць разоў беспаспяхова спрабавала зарэгістравацца ў Мінюсце ў якасці палітычнай партыі. Устаноўчыя з’езды праходзілі ў 2009 годзе, двойчы — у 2010-м, а таксама ў 2011-м і двойчы ў 2015-м.
У сакавіку 2011 года ў інтэрв’ю амерыканскай газеце The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, „верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная”. „Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты”, — сказаў ён.
belapan.by