БХД зноў спрабуе зарэгістравацца



У менскім гатэлі «Вікторыя» 12 снежня прайшоў чарговы ўстаноўчы з’езд па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Як адзначыў сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец, у працы з’езда ўзялі ўдзел 56 дэлегатаў, кожны з якіх прадстаўляе па 20 заснавальнікаў. Такім чынам, неабходная колькасць заснавальнікаў для рэгістрацыі партыі — тысяча чалавек — дасягнутая, удакладніў ён.

На з’ездзе зацверджаныя афіцыйная назва партыі, яе праграма і статут, абраны склад нацыянальнай рады БХД. Пакет дакументаў на рэгістрацыю партыі ў Міністэрства юстыцыі плануецца падаць ужо на наступным тыдні, сказаў Севярынец.

Дэлегаты з’езда таксама прынялі рэзалюцыю, у якой прызналі прэзідэнцкія выбары, што прайшлі ў Беларусі ў 2015 годзе, сфальсіфікаванымі. Дакумент прыняты на аснове матэрыялаў кампаніі назіральнікаў «Права выбару — 2015», паведамляе БелаПАН.

У другой рэзалюцыі — «За свабодныя і справядлівыя выбары» — члены аргкамітэта БХД заклікалі ўлады ўнесці змены ў выбарчае заканадаўства, зарэгістраваць усе дэмакратычныя аб’яднанні і партыі, якім з-за надуманых прычын адмаўлялі ў рэгістрацыі, стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. «Мы таксама звяртаемся да ўсіх міжнародных партнёраў з прапановай наўпрост звязаць пытанне аб поўным зняцці візавых і фінансавых абмежаванняў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў са зменай Выбарчага кодэкса і правядзеннем сумленных, свабодных парламенцкіх выбараў у 2016 годзе», — сказана ў рэзалюцыі.

Аргкамітэту БХД было адмоўлена ў рэгістрацыі партыі пяць разоў. Першы ўстаноўчы з’езд партыі прайшоў у 2009 годзе, у 2010-м — яшчэ два. Чацвёртая спроба рэгістрацыі партыі была зробленая ў снежні 2011-га, а пяты ўстаноўчы з’езд адбыўся 3 чэрвеня гэтага года.

Раней хрысціянскія дэмакраты заяўлялі пра намер падаць заяўку на ўключэнне ў Кнігу рэкордаў Гінэса па колькасці адмоў у рэгістрацыі.