БХД: Звяртаем увагу на фэйкавыя навіны
Прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя разаслала прэз-рэліз прысвечаны прамежкавым вынікам праймерыз:
– Звяртаем увагу на фэйкавыя навіны, якія распаўсюдзіла прэс-служба «Руху за свабоду» з нагоды вынікаў галасавання ў кампаніі праймерыз.
Фантастычныя лічбы „перамогі” Юрыя Губарэвіча з’яўляюцца прыватным меркаваннем гэтай персоны і ніякага дачынення да афіцыйнай пазіцыі кампаніі праймерыз не маюць. Нагадваем, што першы этап галасавання, згодна з падпісанай дамовай, павінен быў праходзіць у 56 гарадах, і гэта галасаванне пакуль на дадзены момант прыпыненае.
Акрамя таго, нават па выніках галасавання ў гарадах, дзе прайшло галасаванне, лічбы за Юрыя Губарэвіча нашмат ніжэй, чым распаўсюджана ў яго заяве.
Згодна з падпісаным пагадненнем кампаніі праймерыз, усе вынікі галасавання зацвярджаюцца кансэнсусам. Што да першага этапу галасавання, то рашэнне па ім прынята быць не можа, пакуль не скончыцца галасаванне ва ўсіх абласцях.
