Блогер Ігар Лосік абвясціў бестэрміновую галадоўку
Палітзняволены блогер Ігар Лосік абвясціў бестэрміновую галадоўку, паведаміў 15 снежня тэлеграм-канал „Беларусь галаўнога мозгу”, стваральнікам якога быў Лосік.
Блогер, нагадаем, быў затрыманы 25 чэрвеня пасля вобшуку ў яго кватэры.
„Сёння Ігару Лосіку выставілі новае абвінавачанне, — гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала. — Цяпер ён прызнаны абвінавачаным не толькі паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), але і паводле арт. 13, ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад трох да васьмі гадоў. Зроблена гэта з мэтай пакінуць Ігара пад вартай, бо 25 снежня мінае межавы тэрмін яго ўтрымання паводле папярэдняга абвінавачання”.
Віны Лосік не прызнае, паведамляе тэлеграм-канал. „Адрэагаваў на новае абвінавачанне абвяшчэннем бестэрміновай галадоўкі да зняцця ўсіх абвінавачанняў альбо змены яму меры стрымання. Як і раней, ён лічыць крымінальны пераслед палітычна матываваным”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.