Блогер NEXTA: Варта, каб гэты фільм проста не забылі



На мінулым тыдні, Сцяпан Святлоў, больш вядомы як блогер NEXTA выпусціў дакументальны фільм “Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы”. Больш за тыдзень стужка трымалася ў трэндах беларускага YouTube, набраўшы амаль 1,5 мільёна праглядаў. Цяпер блогер анансаваў сустрэчу падпісантаў на плошчы Свабоды ў Менску ў пятніцу 8-га лістапада а 18:00.

Блогер NEXTA: Калі казаць пра лічбы, дык гэта ўжо каля двух мільёнаў людзей ва ўсіх сацсетках – паўтара на ютубе і пяцьсот тысячаў у «Аднакласніках» і ў іншых. Гэта кожны чацвёрты дарослы беларус азнаёміўся з фільмам, паказваў бацькам, знаёмым, сябрам, бабулям, дзядулям, суседзям. І таксама шмат гісторыяў паказвалі чыноўнікам, міліцыянтам, сацыяльным працаўнікам. З гэтым фільмам азнаёмілася палова краіны.

РР: Ты клічаш людзей на Плошчу. Навошта? Чаму? І чаму менавіта так хутка пасля выхаду фільма?

Блогер NEXTA: Гэта не мая ініцыятыва. Гэта ініцыятыва людзей, якія мне пісалі ў каментарах, у асабістых паведамленнях, што варта штосьці зрабіць, каб гэты фільм проста не забыўся праз 10 дзён, як гэта было з любымі іншымі рэзананснымі відэа. Адна з такіх прапаноў – сустрэцца разам, каб абмеркаваць магчымыя варыянты, што рабіць далей, прапанаваць свае ідэі, ну і ўвогуле неяк згуртавацца, пазнаёміцца адзін з адным і сустрэцца ўсім разам у адным месцы.

РР: Ты кажаш пра каментары, а многія кажуць: ну слухай, ты сядзіш у Варшаве, а клічаш людзей на вуліцу ў Менску.

Блогер NEXTA: Што тычыцца таго, што я сяджу ў Варшаве. Тое, што я сяджу ў Варшаве, не азначае, што я ў бяспецы. Мне працягваюць прыходзіць розныя пагрозы, розныя паведамленні. І нягледзячы на ніякія пагрозы, ніякі пераслед уладаў… а я заўважыў, што з кожным пераследам мой адказ на гэта – толькі ўзмацняецца, колькасць падпісантаў расце. Гэты фільм таксама вымагаў вельмі шмат працы, высілкаў, энергіі. І я б не сказаў, што я проста сяджу ў крэсле і кагосьці кудысьці заклікаю. Гэта, па-першае, не заклік, гэта проста прапанова сустрэцца. Калі хтосьці хоча, калі ласка прыходзьце, пазнаёміцеся, гэта абсалютна легальна, дзякуючы таму, што зараз ідзе легальная перадвыбарчая кампанія.

РР: А як ты ацэньваеш уласна, што з’явіліся ўвогуле такія рэакцыі, што клічаш на нейкую акцыю?

Блогер NEXTA: Я думаю, улады спужаліся, спалохаліся, і выдалі метадычкі «тапіць» за тое, што, па-першае, ён польскі блогер, знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Па-другое, сам заклікае, а сам не прыйдзе. Гэта скіравана на тых, хто ўвогуле не арыентуецца ў сітуацыі. Мае падпісанты гэта ўсё дакладна ведаюць, прапускаюць проста міма вушэй.

РР: А што можам чакаць уласна ў пятніцу 8 лістапада на плошчы Свабоды?

Блогер NEXTA: Гэта будзе проста сходка, як кажуць моладзевыя блогеры, ці сход падпісантаў каналу, абмеркаванне фільму. Хтосьці з вядомых блогераў выступіць перад людзьмі. Людзі пазнаёмяцца, з’явіцца банк ідэяў, куды яны змогуць свае ідэі даслаць. Сярод лепшых, я спадзяюся, атрымаецца разыграць прызы, бонусы. Я спадзяюся, гэта будзе яскрава, гэта будзе без аніякага гвалту, ці канфлікту і правакацыяў. Гэта будзе проста акцыя, як у нармальнай цывілізаванай краіне праходзяць сотні акцыяў блогераў і гэта не ёсць нейкай падзеяй маштабу ўсёй краіны.

РР: У сваім фільме ты кажаш, што ўжо чвэрць стагоддзя кіруе Лукашэнка ў Беларусі і ўвесь час гучаць такія галасы, калі хтосьці кліча на нейкія акцыі пратэсту, што яшчэ не час. А як мяркуеш, можа не час і цяпер?

Блогер NEXTA: Ёсць такія людзі, якія на працягу ўсіх 25-ці гадоў кажуць: не час. І хочацца ў іх запытацца: а калі будзе час? Калі працягваць нічога не рабіць і быць такой амёбай, то, вядома, нічога не зменіцца. Калі паспрабаваць хаця б штосьці зрабіць, хаця б згуртавацца разам, паглядзець адзін на аднаго, пазнаёміцца, гэта ўжо зусім іншая сітуацыя, і трэба пачынаць з чагосьці.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Сам Сцяпан Святлоў кажа, што фізічна на сустрэчу не прыедзе, бо выдатна разумее, што ў Беларусі яму пагражае турма. “Разумеюць гэта і мае падпісанты”, – дадаў блогер.

Беларускае Радыё Рацыя