На анлайн-брыфінгу МЗС Беларусі Раман Пратасевіч адказаў на пытанні журналістаў (абноўлена)



На анлайн-брыфінгу МЗС Беларусі  Раман Пратасевіч адказаў на пытанні журналістаў акрэдытаваных СМІ.

Пратасевіч сказаў, што інфармацыя пра тое, што яго збіваў Аляксандр Лукашэнка, якая з’явілася ў тэлеграм-канале бай-пол, — жарт. Крывападцёкі на руках назваў слядамі ад сцяжак пасля затрымання.

Праз нейкі час пасля пачатку мерапрыемства брыфінг сталі масава пакідаць журналісты. Вядома, што сышлі як мінімум 10 журналістаў. Нямецкая хваля таксама паведамляе, што каля паловы замежных дыпламатаў пакінулі мерапрыемства. Журналіст ВВС Джон  Фішар напісаў у твітары, што не збіраецца ўдзельнічаць у брыфінгу, бо Раман Пратасевіч знаходзіцца там пад прымусам. Журналістка Таццяна Каравянкова сказала на брыфінгу, што яна не верыць таму, што кажа Пратасевіч. І пажадала яму трымацца і перажыць усё, што з ім адбываецца.

Беларускае Радыё Рацыя

***

На брыфінгу па актуальных пытаннях для прадстаўнікоў СМІ, які арганізавала Міністэрства замежных спраў Беларусі ў Нацыянальным прэс-цэнтры 14 чэрвеня, прысутнічае блогер Раман Пратасевіч.

Брыфінг пачаўся ў 15.05. Акрамя Пратасевіча ў ім удзельнічаюць начальнік першага галоўнага ўпраўлення Дзяржпагранкамітэта Андрэй Філатаў, камандуючы ВПС і СПА Беларусі Ігар Голуб, дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі, старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара і прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Мерапрыемства было анансаванае 10 чэрвеня. Асноўнымі тэмамі стануць развіццё сітуацыі з рэйсам авіякампаніі Ryanair Афіны — Вільня, выезд з Беларусі асобных прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці, транзіт нелегальных мігрантаў цераз тэрыторыю краіны, новыя абставіны вакол справы Рамана Пратасевіча. „Запланаваная дэманстрацыя шэрагу факталагічных матэрыялаў, якія раней не публікаваліся”, — гаварылася ў паведамленні прэс-службы МЗС.

На брыфінг запрошаныя шырокае кола журналістаў, у тым ліку беларускіх недзяржаўных і замежных СМІ, а таксама замежныя дыпламаты.

23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільнюс, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Мінску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расіі.

Неўзабаве пасля гэтага ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася відэа, дзе Сапега прызнае, што з’яўляецца адміністратарам тэлеграм-канала, які публікаваў асабістыя звесткі сілавікоў.

3 чэрвеня ў праграме „Маркаў. Нічога асабістага” на ОНТ выйшла інтэрв’ю з Пратасевічам, у якім ён заявіў аб прызнанні віны паводле артыкула 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ён расказаў пра чат, у якім абмяркоўваўся план акцый пратэсту, і назваў прозвішчы ўдзельнікаў чата, паведаміў пра канфлікты паміж апазіцыйнымі штабамі, умовы жыцця, кватэры і дамы, дзе жывуць дэмакратычныя лідары, а таксама абцякальна — пра фінансаванне іх дзейнасці і ўцягнутасць у гэта еўрапейскіх дзяржаў.

Бацька Пратасевіча ўпэўнены, што яго сына прымусілі даць такое інтэрв’ю. Ён лічыць, што на Рамана рабіўся націск, і не выключае выкарыстання псіхатропаў.

Праваабаронцы прызналі Пратасевіча і Сапегу палітычнымі зняволенымі.

belapan.by