Блогер Сяргей Ціханоўскі на волі
Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання, хоць напярэдадні яго асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту.
Відэаблогер і заснавальнік ютуб-канала “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі — на волі. Пра гэта паведамляе праваабаронца Леанід Судаленка, які ў сваім акаўнце на фэйсбуку напісаў наступнае: “Званок. Гэта Сяргей Ціханоўскі, толькі што міліцыянты вывезлі за горад і пакінулі на вуліцы”.
Раней Сяргей Ціханоўскі заяўляў, што збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. Аднак ягоную ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, паколькі ён знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання.
Відэаблогера пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці Беларусі, якія праходзілі ў канцы 2019 — пачатку 2020 гадоў.
18 траўня Сяргея Ціханоўскага асудзілі яшчэ на 15 сутак. Усяго блогер мусіў знаходзіцца пад вартай 45 сутак.
Беларускае Радыё Рацыя