Блогер Сяргей Ціханоўскі заявіў пра намер стаць „кандыдатам пратэсту”



Блогер Сяргей Ціханоўскі (youtube-канал „Краіна для жыцця”) пагадзіўся стаць „кандыдатам пратэсту” на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца, паведаміў БелаПАН старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада” Мікалай Статкевіч.

Раней Статкевіч заявіў, што пры адмове ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы на прэзідэнцкіх выбарах ён плануе зарэгістраваць некалькі дзясяткаў ініцыятыўных груп „кандыдатаў пратэсту”, каб яны мелі магчымасць легальна праводзіць вулічныя акцыі ў перыяд збору подпісаў.

„Цяпер у нас 23 кандыдаты, апошнім стаў Сяргей Ціханоўскі. Ён заявіў пра гэта падчас інтэрв’ю са мной. Мы былі гатовыя гэта прыняць, таму што абмяркоўвалі некалькі тыдняў таму. Для нас важна, каб блогеры апынуліся ў ліку кандыдатаў пратэсту, і для іх гэта важна, яны аказваюцца ў глыбіні падзей, у пэўнай меры гэта дае палітычную і юрыдычную абарону”, — сказаў Статкевіч.

Ён адзначыў, што аб жаданні стаць „кандыдатамі пратэсту” заявілі яшчэ некалькі блогераў, але не ўдакладніў, хто менавіта. „Яшчэ два кандыдаты заяўлены, яны не з „Народнай Грамады”, але вельмі важна, каб гэта былі адэкватныя, энергічныя, цвёрдыя людзі”, — падкрэсліў палітык. Паводле яго слоў, для рэгістрацыі „кандыдатаў пратэсту” будзе сфарміраваная ўніверсальная ініцыятыўная група.

„Безумоўна, ніхто з іх не будзе станавіцца кандыдатам у юрыдычным сэнсе і спрабаваць збіраць 100 тыс. подпісаў. Ініцыятыўную групу цяжка не зарэгістраваць. Будзе прыкладна гэтак жа, як мы збіралі подпісы падчас парламенцкай кампаніі. З самага пачатку кампаніі на пікетах кандыдатаў пратэсту будзем праводзіць масавыя мерапрыемствы. Будзем рабіць гэта таму, што выбараў няма, удзельнічаць у падтанцоўцы не хочам”, — сказаў Статкевіч.

Сяргей Ціханоўскі — папулярны youtube-блогер (90 тыс. падпісчыкаў). У сваіх відэазапісах падымае сацыяльныя праблемы рэгіёнаў, малога бізнесу, выступае з вострай крытыкай улады. Прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй.

belapan.by