Блогер Ціханоўскі трэці раз пакараны карцарам



Вядомы відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, прызнаны праваабаронцамі палітвязнем, трэці раз змешчаны ў карцар.

Раней ён быў пакараны за тое, што „сядзеў на падаконніку”, а ў камеры на столі вышынёй тры метры знайшлі павуціну. „Сёння ў Сяргея была адвакат, і яна даведалася, што ён зноў у карцары, з пятніцы (10 ліпеня. — БелаПАН.). За тое, што быў няголены. У СІЗА кажуць, што карцарам караюць па сукупнасці парушэнняў, гэта значыць спачатку ідзе папярэджанне, а потым карцар”, — паведаміла БелаПАН жонка блогера, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Святлана Ціханоўская.

9 ліпеня палітвязень абскардзіў у судзе спагнанні ў выглядзе карцара, але суд не задаволіў яго скаргу.

Ціханоўская падкрэсліла, што муж не ўпаў духам, трымаецца, дзякуе ўсім, хто піша яму лісты. „Яму ў радасць лісты і пісаць адказы. Ён верыць у людзей… Спадзяецца, што ўсё гэта было нездарма”, — сказала Святлана Ціханоўская.

Блогер абвінавачваецца па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). З 29 мая ён знаходзіцца пад вартай.

belapan.by