Блогера Лапшына ў Азербайджане асудзілі на тры гады



Бакінскі суд па цяжкіх злачынствах 20 ліпеня прыгаварыў блогера Аляксандра Лапшына да трох гадоў пазбаўлення волі, паведамляе ТАСС.

Азербайджанскія ўлады прад’явілі блогеру абвінавачанне паводле артыкулаў «адкрытыя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы» і «незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы». Выступаючы з апошнім словам, блогер сказаў, што «перад азербайджанскім народам ягоная віна толькі маральная, ні ў якім разе не ў прававой плоскасці». «Я разумею, наколькі Карабах важны для Азербайджана, – заявіў Лапшын. – Ні пры якіх умовах я не ўступаў у злачынную сувязь з армянскімі ўладамі».

Напрыканцы 2016 года Лапшына затрымалі ў Менску паводле запыту Азербайджана, які ўключыў яго ў «чорны спіс» за наведванне Нагорнага Карабаха без узгаднення з уладамі.

Фота ru.sputnik.az