Блогерку Алену Янушкоўскую будуць судзіць за акцыю салідарнасці



Супольная акцыя “Страны для жизни” і прыхільнікаў Віктара Бабарыкі прайшла ў Віцебску ўвечары 19-га траўня. Некалькі соцень гараджан сталі ланцугом уздоўж вуліцы Леніна.

Прыкладна праз паўтары гадзіны па ходніках прайшлі міліцыянты з папярэджаннем, што акцыя несанкцыянаваная, і ўдзельнікаў чакае адміністрацыйная адказнасць. Але людзі  не разыходзіліся аж да таго моманту, пакуль ДАІ не спыніла рух на гэтым участку вуліцы,  а ўздоўж ланцуга салідарнасці з’явіліся некалькі мікрааўтобусаў з зацемненымі вокнамі.

Зрэшты, жыхароў Віцебска не спыніла і гэта: яны перайшлі на Плошчу Перамогі, і каля сотні чалавек ізноў утварылі ланцуг салідарнасці. Тады міліцэйскі сцэнар паўтарыўся: ізноў прагучалі папярэджанні ў мегафон, а потым пад’ехалі ўжо знаёмыя  мікрааўтобусы. Аднак на вачах у журналістаў людзей затрымліваць не наважыліся. І толькі калі сцямнела, на плошчу прыехаў сапраўдны “аўтазак”, і міліцыя затрымала 7 чалавек. На дадзены момант вядома, што ў ізалятары часовага ўтрымання знаходзіцца блогерка Алена Янушкоўская, якая вяла прамую трансляцыю з акцыі. Яе затрымалі разам з дачкой Юліяй Уласенка, але  спадарыню Юлію адпусцілі дахаты, бо ў яе дома засталіся двое непаўнагадовых дзяцей. Імёны і прозвішчы іншых затрыманых журналісты і праваабаронцы зараз высветляюць.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск