БНФ адмаўляецца падтрымаць Караткевіч на выбарах (абноўлена)
Сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне пра выхад партыі з выбарчай кампаніі патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч. За выхад прагаласавала 18 сябраў сойму, супраць – 11, двое – устрымаліся.
Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, ён прапанаваў гэтае рашэнне, хаця досвед удзелу ў зборы подпісаў, магчымасць праводзіць пікеты пад нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікай і камунікаваць з людзьмі быў для партыі пазітыўным.
– Але, на жаль, мы бачым, што тая ідэалагічная лінія, якая была абраная штабам Таццяны Караткевіч, яна не спрыяе рэалізацыі партыйнай праграмы, мэтаў і падставовых каштоўнасцяў партыі БНФ. Ужо цягам кампаніі Таццяна Караткевіч зрабіла шэраг вельмі супярэчлівых заяваў, якія тычацца базавых каштоўнасцяў Партыі БНФ.
Па словах Аляксея Янукевіча, гэтыя выказванні Таццяны Караткевіч тычыліся статусу беларускай мовы, нацыянальных сімвалаў, геапалітычных прыярытэтаў. Яе пазіцыя па гэтых пытаннях для сябраў Партыі БНФ з’явіліся цалкам непрымальнымі, – падкрэсліў Аляксей Янукевіч. Таму і было прынята рашэнне аб спыненні падтрымкі Таццяны Караткевіч і выхадзе з яе выбарчай кампаніі.
Рашэнне сойма пра выхад з выбарчай кампаніі Таццяны Караткевіч актыўна абмяркоўваюць у суполках Партыі БНФ краіны. Караткевіч сабрала як мінімум 10 тысяч подпісаў са 100 тыс з дапамогай БНФ.
Кажуць кіраўнік Лідскай суполкі Партыі БНФ Уладзімір Круцікаў (на фота):
Уладзімір Круцікаў: У Лідзе за Караткевіч ніхто подпісы не збіраў. Усе адмовіліся. Я не бачыў ніводнага пікета ні за кога. Па хатах таксама не збіралі. Усё ж такі гэта слабы кандыдат і малавядомы. Увогуле я не веру, што з іх нехта 100 тыс подпісаў можа сабраць. Я падтрымліваю сённяшняе рашэнне партыі.
Кажа сябар Лідскай суполкі “Моладзі БНФ” Сяржук Сідарэнка:
Сяржук Сідарэнка: Мне прапаноўвалі збіраць подпісы за Караткевіч. Я не збіраў, бо не бачыў за каго збіраць. Яна мне нічога добрага ці кепскага не зрабіла, у прынцыпе як і для Беларусі нічога добрага не зрабіла. А тое, што ў апошні момант нашая апазіцыя пачынае грызціся і гэта прызнак таго, што мы знаходзімся ў вялікім дэкадансе і наўрад ці што ў нас атрымаецца бліжэйшым часам. Нас пастаянна абвінавачваюць у нейкім здрадніцтве. Усё гэта і ёсць байкот.
Уладзімір Круцікаў і Сяржук Сідарэнка згодны з пазіцыяй сойма Партыі БНФ, што ў Таццяны Караткевіч “ няма акрэсленай і выразнай пазіцыі” ды як кандыдат “хоча быць добрай для ўсіх”, але лічыць яго запозненым – маўляў, трэба было адмовіцца яшчэ ў часе збору подпісаў. Цяпер абодва выступаюць за байкот выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя