БНФ адзначыць гадавіну суверэнітэту Беларусі і Аршанскай бітвы
Партыя БНФ рыхтуецца адзначыць 25-годдзе надання Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі статусу Канстытуцыйнага закона і гадавіну Аршанскай бітвы. Асаблівасць святкавання сёлета ў тым, што яно будзе сумешчана з перадвыбарчай агітацыйнай кампаніяй – распавёў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
— Цяпер зручны момант, бо ён супадае з перадвыбарчай агітацыяй, цяпер значна спрошчаны парадак арганізацыі правядзення такіх мерапрыемстваў, таму мы гэтую падрыхтоўку ўжо распачалі, ёсць пэўныя планы. Мы вядзем перамовы з некаторымі іншымі суб’ектамі палітычнага поля перадусім блізкімі нам па ідэйных, каштоўнасных момантах.
Уведамленні аб правядзенні мерапрыемстваў ужо накіраваныя ў Менгарвыканкам. Сумеснае святкаванне 25-й гадавіны суверэнітэту Беларусі разам з кандыдатамі ў парламент ад Партыі БНФ адбудзецца ў наступны чацвер, 25-га жніўня, ля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў, а адзначэнне ўгодкаў бітвы пад Воршай – 8-га верасня – нагадвае Аляксей Янукевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя