БНФ падтрымала заяву “Аб пагрозе незалежнасці Беларусі”



Партыя БНФ 21 снежня 2019 года прыняла рэзалюцыю Сойму ў падтрымку заявы арганізацыяў-удзельніц Віленскага Мемарандуму «Аб пагрозе незалежнасці Беларусі». Прыводзім тэкст у арыгінале:

Рэзалюцыя Сойму Партыі БНФ 21 сьнежня 2019 году

 У падтрымку заявы арганізацыяў-удзельніц

Віленскага Мэмарандуму “Аб пагрозе незалежнасьці Беларусі”

 Сойм Партыі БНФ ухваляе супольную заяву арганізацыяў-удзельніц  Віленскага Мэмарандуму “Аб пагрозе незалежнасьці Беларусі”, што была падпісаная старшынём Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым у часе 30-й сэсіі Рады БНР у Вільні.

Сойм Партыі БНФ згодна з духам і літарай Віленскага мэмарандуму пацьвярджае, што аніякія захады цяперашніх дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на адмову ад элемэнтаў сувэрэнітэту Беларусі не зьяўляюцца легітымнымі і не могуць лічыцца заснаванымі на волі беларускага народу.

Да таго часу, пакуль у Беларусі не праведзеныя вольныя выбары і не сфармаваныя дэмакратычным чынам легітымныя органы нацыянальнай улады, беларуская палітычная і грамадзянская супольнасьць прызнаюць Раду БНР рэзэрвовым палітычным дэпазытарам беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі, заснаванай на волі беларускага народа, што была выяўленая ў Акце 25 сакавіка 1918 года.

Сойм Партыі БНФ падтрымлівае заклікі да дэмакратычных дзяржаваў сьвету, у тым ліку тых, што падпісвалі Будапэшцкі мэмарандум, а таксама да Эўрапэйскага Зьвязу, аб асуджэньні любых спробаў Расейскай Фэдэрацыі абмежаваць сувэрэнітэт Беларусі, падступна выкарыстоўваючы адсутнасьць у краіне дэмакратычна абранай і адказнай перад народам улады.

Сойм Партыі БНФ заяўляе, што дзеля парадухіленьня гэткіх і якіх-кольвек будучых замахаў з боку Расеі на сувэрэнітэт Беларусі  зьяўляецца неабходным, апроч ўсталяваньня дэмакратычнага ўнутранага ладу паводле прынцыпаў прававой дзяржавы, наступная паслядоўнасць замежнапалітычных крокаў:

  1. Неадкладны вывад з тэрыторыі Беларусі вайсковых аб’ектаў Расеі, чый тэрмін арэнды згодна з дамовамі сканчваецца 7 чэрвеня 2021 года: 43-і вузел сувязі “Вілейка” (радыёстанцыя “Антэй”) і радыёлякацыйная станцыя “Волга” (вузел “Баранавічы”).
  2. Выхад Беларусі з дамоваў пра ўтварэньне гэтак званай “Саюзнай дзяржавы” і з дамовы аб калектыўнай бясьпецы, а таксама перагляд усіх астатніх “інтэграцыйных” угодаў, што былі заключаныя нелегітымнымі ўладамі супраць волі беларускага народа публічна ці таемна.
  3. Далучэньне Беларусі да Рады Эўропы павіннае зрабіцца важным чыньнікам прававой рэформы ў краіне на аснове эўрапэйскіх стандартаў права, правоў чалавека, дэмакратыі і законнасьці.
  4. Скасаваньне ўдзелу Беларусі ў невыгодных эканамічных хаўрусах накшталт Эўразійскага эканамічнага саюза, замест чаго дзяржаве неабходна ўвайсьці ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю і забесьпечыць краіне доступ да эўрапэйскага рынку, уключна з інтэграцыяй ў эўрапэйскую сыстэму энэргетычнай бясьпекі згодна з супольнымі інтарэсамі краінаў Міжмор’я.
  5. Беларусь павінная далучыцца да палітычных, а потым і да вайсковых струкутраў NATO як наймацнейшага, эфэктыўнага і надзейнага абарончага альянсу сьвету, сяброўства ў якім дасьць краіне доступ да найсучасьнейшых ваенных стандартаў і забясьпечыць вольны і бесьперашкодны рух нашай краіны па шляху эўрапэйскай інтэграцыі.
  6. На падставе азначаных крокаў народ Беларусі зможа вольна, у адпаведнасьці з нацыянальнымі інтарэсамі і без знешняга ўціску ці пагрозаў зрабіць выбар на карысьць далучэньня да Эўразьвязу.

Выкананьне гэтых крокаў згодна з праграмай БНФ «Адраджэньне» забясьпечыць беларускаму народу магчымасьць вольна і бясьпечна будаваць наш Беларускі Дом і імкнуцца да сьцьвярджэньня свабоднага чалавека у незалежнай эўрапейскай Беларусі.