БНФ пакуль разважае, ці далучыцца да кангрэса дэмсілаў



Шэраг апазіцыйных структураў пакуль устрымліваюцца ад уваходжання ў аргкамітэт кангрэса дэмакратычных сілаў.

18 снежня апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса. У той жа дзень Статкевіч паведаміў, што ў аргкамітэт таксама пагадзіліся ўвайсці Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч.

А вось партыя БНФ пакуль разважае, ці прымаць удзел у кангрэсе, адначасова заявіўшы пра свой няўдзел у любых новых палітычных кааліцыях. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

— Як мы бачым стварэнне разнастайных кааліцыяў не прынесла тых чакаемых станоўчых вынікаў, на якія спадзяваліся, у тым ліку і партыя БНФ, і я асабіста. На прыкладзе Народнага рэферэндуму мы бачым, што той Рэферэндум папросту сам па сабе разваліўся. Таму мы і не імкнёмся зноў уступаць у кааліцыю правацэнтрысцкіх сілаў. Гэтае пытанне застаецца на разглядзе партыі БНФ, але рашэнне, што мы не ўступаем прынятае на Сойме партыі і гэтае рашэнне выконваецца.

Нагадаем, 17 снежня вядомыя прадстаўнікі культуры і грамадскіх дзеячаў заклікалі апазіцыю да кансалідацыі і правядзенні кангрэса дэмсілаў для выпрацоўкі далейшых дзеянняў. Паводле Мікалая Статкевіча, ён таксама плануе атрымаць адказ ад Паўла Севярынца і пакуль не ведае рэакцыі на сваю прапанову Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Мілінкевіча і Ірыны Вештард.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя