БНФ патрабуе ад ЦВК адмовіць Лукашэнку у рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты
Партыя БНФ падала ў Цэнтральную камісію па выбарах скаргу з патрабаваннем адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Аляксандру Лукашэнку.
У якасці падставы для адмовы ў рэгістрацыі БНФ прыводзіць доказы выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць вылучэння кандыдатам Лукашэнкі, выкарыстанне ягонай ініцыятыўнай групай дзяржаўнага фінансавання і іншых матэрыяльных рэсурсаў, стварэнне няроўных умоваў і рэпрэсіі ў дачыненні да іншых прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.
Таксама Партыя БНФ у скарзе адзначае, што рэгістрацыя Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты будзе з’яўляцца парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, канстатуючы незаконнасць “рэферэндума”, які быў праведзены ў 2004 годзе дзеля зняцця канстытуцыйнага абмежавання прэзідэнцкіх тэрмінаў.
Каментуючы пададзеную скаргу, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў:
– Мы бачым, што цяперашняя прэзідэнцкая кампанія разгортваецца па найгоршым сцэнары. Сілавым структурам развязалі рукі для палітычных рэпрэсіяў, крымінальны пераслед апанентаў улады, арышты і катаванні робяцца асноўным метадам утаймаваньня законнага і справядлівага абурэньня грамадзянаў.
Але пры гэтым сваю ўласную выбарчую кампанію Лукашэнка таксама вядзе безсаромна, не зважаючы нават на мінімальныя абмежаванні, якія прадугледжаныя выбарчым заканадаўствам. І я лічу недапушчальным пакідаць без належнай ацэнкі беспрэцэдэнтнае злоўжванне адміністрацыйным рэсурсам, якое мы бачым цягам гэтай выбарчай кампаніі. Такая ацэнка тым больш важная з улікам адсутнасці міжнародных назіральнікаў – ужо цяпер зразумела, што калі назіральнікі БДІПЧ АБСЭ і з’явяцца ў Беларусі, то яны пабачаць толькі фінальную стадыю кампаніі.
У нашай скарзе мы прыводзім сведчанні выкарыстання ініцыятыўнай групай Лукашэнкі адміністрацыйнага рэсурсу, прычым робіцца гэта безсаромна і адкрыта. Сам дзеючы прэтэндэнт уключаны ў гэтыя злоўжыванні: 25 траўня ён правёў нараду з удзелам кіраўніка сваёй ініцыятыўнай групы Міхаілам Ардой, дзе разглядаліся пытаньні збора подпісаў і даваліся даручэньні дзяржаўным службоўцам у інтарэсах забесьпячэньня вылучэньня і абраньня Лукашэнкі.
У скарзе Партыя БНФ адзначае, што збор подпісаў ініцыятыўнай групай дзеючага прэзідэнта быў фінансаваны за кошт дзяржаўных сродкаў праз прадастаўленне фінансавых сродкаў грамадскаму аб’яднанню “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” (на 2020 год толькі з рэспубліканскага бюджэту было вылучана 8 804 795 рублёў на неконкурснай і безкантрольнай аснове), прадстаўленне памяшканняў і іншай матэрыяльнай падтрымкі Рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню “Белая Русь” і структурам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якія былі наўпрост уцягнутыя ў дзейнасць у накірунку вылучэння Лукашэнкі А.Р кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
У сваю чаргу выканкамы і раённыя адміністрацыі стваралі азначаным структурам рэжым найбольшага спрыяння, ажно да размяшчэньня абвестак пра збор подпісаў гэтак званымі “грамадскімі прыёмнымі” на сайтах у раздзелах “Выбары 2020″. Гэткае зрошчванне дзяржапарату з ініцыятыўнай групай Лукашэнкі было зафіксаванае па ўсёй “вертыкалі”, прычым як у Менску, так і ў рэгіёнах.
У перыяд вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты на ініцыятыўныя групы па вылучэнні іншых прэтэндэнтаў аказваўся ціск, ствараліся перашкоды з боку органаў выканаўчай улады, якія знаходзяцца пад поўным кантроем Лукашэнкі А.Р. Такім чынам былі парушаныя роўныя ўмовы для ўдзелу у выбарах ужо на стадыі вылучэння кандыдатаў. У тым ліку, ціск і рэпрэсіі мелі форму затрымання сябраў ініцыятыўнай групы, уключна з каардынатарамі і кіраўнікамі ініцыятыўных груп (сотні чалавек, у тым ліку актывістаў БНФ, былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці ўжо на старце выбарчай кампаніі); перашкоды ў зборы подпісаў з боку адміністрацыі прадпрыемстваў, прыцягненне ўдзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, іншыя перашкоды ў правядзенні збора подпісаў шляхам пікетавання; ператрусы ў офісных і жылых памяшканнях асобаў, звязаных з ініцыятыўнымі групамі і штабамі кандыдатаў; блакаванне банкаўскага рахунку выбарчага фонда кандыдата.
Удзел Лукашэнкі А.Р. у выбарах у якасці кандыдата ў Прэзідэнты, які балатуецца на пост главы дзяржавы шосты раз запар з’яўляецца незаконным у сувязі з незаконнасцю зменаў, якія былі ўнесеныя ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага рэферэндума 2004 года, што пацвярджаецца заключэннем, прынятым 8-9 кастрычніка 2004 года на 60-м пленарным пасяджэнні Еўрапейскай камісіі «За дэмакратыю праз права» (Венецыянская камісія) (гл. Дадатак).
Выкладзеныя ў скарзе парушэнні з боку ініцыятыўнай групы Лукашэнкі А.Р. і практыка стварэння няроўных умоваў для іншых ініцыятыўных груп маюць сыстэматычны і масавы характар, іх праявы назіраліся на ўсёй тэрыторыі краіны.
У сукупнасці азначаныя абставіны парушэнняў згодна з артыкулам 68-1 Выбарчага кодэкса ствараюць падставы для адмовы ў рэгістрацыі Лукашэнкі А.Р. у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь – гаворыцца ў скарзе.
Пасяджэнне Цэнтральнай камісіі па пытанні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, як чакаецца, адбудзецца на наступным тыдні, 14 ліпеня.