БНФ пратэстуе супраць ваенных вучэнняў „Захад-2017”
Партыя БНФ пратэстуе супраць буйных ваенных вучэнняў Расеі і Беларусі „Захад – 2017”, якія плануецца правесці ўвосень.
Па словах старшыні партыі Аляксея Янукевіча, гэтыя вучэнні не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Па-першае, яны ствараюць абсалютна непатрэбную напружанасць у рэгіёне. Па-другое, разбураюць імідж Беларусі, як добрага суседа ў дачыненні да Украіны, Польшчы, краінаў Балтыі. Бо ўсе яны выказваюць вялікую занепакоенасць правядзеннем гэтых вучэнняў. Па-трэцяе, ёсць непасрэдная небяспека, звязаная з прысутнасцю вялікай колькасці расейскіх вайскоўцаў на беларускай зямлі.
– Гэтыя вайскоўцы могуць быць выкарыстаныя для палітычнага ціску на кіраўніцтва краіны, на беларускае грамадства. Можа ўзнікнуць, як мінімум, гандаль пры пытанні вывядзення гэтых войскаў. Нягледзячы на ўсе афіцыйныя абвяржэнні, мы бачым, што няма веры ні Крамлю, ні прадстаўнікам Крамля тут, у Беларусі. Бо таксама дэклараваўся мірны характар у дачыненні і з Грузіяй, і з Украінай. Але мы бачым, чым гэта абярнулася для гэтых краінаў.
Таму ў сённяшнняй сітуацыі, калі імперскія амбіцыі засцяць розум крамлёўскаму кіраўніцтву, знаходжанне вялікай кольскасці расейскіх вайскоўцаў на беларускай зямлі нясе наўпроставую небяспеку для дзяржаўнай незалежнасці, – заяввіў Аляксей Янукевіч.
Актывісты партыі пачалі падаваць заяўкі на правядзенне пікетаў, каб выказаць нязгоду з гэтымі небяспечнымі планамі. Па словах адказнага сакратара Партыі БНФ Змітра Салошкіна, пікетаванне плануецца агулам у 20 – 25 гарадах і мястэчках Беларусі.
– Зараз ужо пададзены заяўкі на 27 ліпеня ў Менску, Слуцку, Віцебску, Бярозаўцы, Слоніме. Сябры нашай партыі падаюць заяўкі яшчэ кожны ў сваёй мясцовасці. На жаль, у Віцебску ўжо адмоўлена па надуманых прычынах, што не заключаныя дамовы з міліцыяй, з пажарнымі. Хутчэй за ўсё наўрад ці нам дазволяць пікеты.
Але заяўкі будзем падаваць і ўсімі сіламі дабівацца ад уладаў дазволу правядзення пікетавання супраць ваенных вучэнняў, – сказаў Зміцер Салошкін.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота todaysmilitary.ru