БНФ возьме ўдзел у мерапрыемствах „Еўранэста”
26 чэрвеня намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч возьме ўдзел у пасяджэнні рабочай групы па Беларусі ў межах сесіі парламенцкай асамблеі Усходняга Партнёрства «Еўранест», што адбудзецца 25-27 чэрвеня ў Бруселі.
Да ўдзелу ў мерапрыемствах у межах сесіі запрошаная дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў у складзе Партыі БНФ, Руху “За Свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кампаніі “Гавары праўду”, БХД, партыі левых “Справядлівы свет”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.
На гэтай сесіі «Еўранэста» асаблівая ўвага міжпарламенцкай структуры Усходняга Партнёрства будзе прысвечаная пытанням агульнаеўрапейскай бяспекі, ролі Еўразвязу ў адказе на выклікі ва ўсходне-еўрапэйскім рэгіёне, праблеме энергетычнай стабільнасці, прыцягненню інвестыцыяў у краіны-партнёры, а таксама забеспячэнню сацыяльных гарантыяў і правоў працоўных, супрацьдзеянні карупцыі і адмыванню грошай.
Падчас сесіі мае адбыцца пасяджэнне рабочай групы «Еўранэста» па Беларусі, на якім будзе абмеркаванае шырокае кола пытанняў беларуска-еўрапейскага ўзаемадзеяння ў межах Усходняга партнёрства, а таксама пытанні развіцця палітычных працэсаў у Беларусі.
Падчас візіту ў Брусель у намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча запланаваны шэраг сустрэч з еўрапарламентарамі і прадстаўнікамі партыяў-партнёраў па Еўрапейскім альянсе кансерватараў і рэфармістаў – трэцяй па велічыні агульнаеўрапейскай партыі, паўнапраўным сябрам якой з’яўляецца партыя Беларускага Народнага Фронту.
Беларускае Радыё Рацыя