БНК правядзе 3-га ліпеня акцыю вызвалення і салідарнасці
3-га ліпеня, калі ў Рэспубліцы Беларусь афіцыйна адзначаецца Дзень Незалежнасці, Беларускі Нацыянальны Кангрэс правядзе акцыю вызвалення і салідарнасці. Яна пройдзе а 13-й гадзіне каля станцыі метро “Парк Чэлюскінцаў”. Пра мэты акцыі і пытанні, якія будуць на ёй узнятыя, гаворыць кіраўнік БНК Мікалай Статкевіч:
– У гэтым годзе іх дзве. Гэта салідарнасць, таму што ізноў з’явіліся палітвязні, крымінальныя справы, у тым ліку супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Генадзь з’яўляецца старшынём камісіі Рады БНК па сацыяльным пытанням і эканоміцы. Ён наш сябар. Мы абавязаны яго бараніць. Я не кажу пра тое, што зараз пераследуюцца БелаПАН, вашыя калегі, „Белсат”, „Хартыя’97”, палітвязні сядзяць.
Палітык прапанаваў актывістам, якія штодня збіраюцца ў Курапатах на абарону ахоўнай зоны, правесці другую частку акцыі, запланаванай на 3-га ліпеня:
– Курапаты – зноў выцягнулі гэтую тэму ўлады. Я прапанаваў калегам, якія бароняць ахоўную зону, каб яны далучыліся і зрабілі другую частку нашай акцыі , калі яны палічаць гэта неабходным. Мы збярэмся на праспекце Незалежнасці, правядзём там акцыю салідарнасці і вызвалення. Потым ускладзём кветкі да братняй магілы савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні Менска. А пасля будзе магчымасць перайсці праз праспект і ўскласці кветкі да крыжа ў парку Чэлюскінцаў, дзе таксама адбываліся расстрэлы.
На акцыі вызвалення і салідарнасці будзе ўзнятая тэма Курапатаў, у якіх пабудавана рэстарацыя, нягледзячы на ранейшае прадпісанне Генеральнай пракуратуры пра знос будынка. Палітык не лічыць, што бізнесоўцы Леанід Зайдэс, Барыс Сурыс і іх кампаньёны самастойна вырашылі пабудаваць рэстарацыю “Поедем поедим” у ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты. Як мяркуе Мікалай Статкевіч, усё зроблена з ведама і паводле плану ўладаў, якія жадаюць прыцягнуць грамадства на абарону Курапатаў, адцягваючы ад іншых вялікіх праблем у дзяржаве.
– Не лічыце, што гэта ўладальнік рэстарана ў такім месце самастойна прыняў рашэнне пра адкрыццё рэстарана. Гэта ў нашай сітуацыі немагчыма. Ён атрымаў такую каманду. Яны правільна разлічылі, таму што людзі – патрыёты, і яны не могуць не рэагаваць. Але рэагуючы на гэта трэба ўсё ж такі разумець, дзе прычына. 3-га ліпеня ў вас будзе магчымасць у цэнтры горада на галоўным праспекце заявіць гэтую тэму.
Рэстарацыю ў Курапатах Статкевіч лічыць блюзнерствам і выступае ў падтрымку тых, хто бароніць мемарыял. Па яго словах, улада на чале з Лукашэнкам ужо не ўпершыню спекулюе на тэме народнай памяці, а таму рэстарацыя “Поедем поедим” не магла з’явіцца выключна з ініцыятывы бізнесоўцаў.
Гутарыў Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.