Мікалай Статкевіч: Пара перамагаць! (абноўлена)
На паседжанні Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК), якое адбылося ў Менску, кандыдатам на прэзідэнцкія выбары вылучаны старшыня аргакамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалай Статкевіч.
Па словах палітыка, пасля гэтай падзеі ён адчувае натхненне, а тых людзей, якія прагаласавалі за яго, ён не падвядзе:
– Людзі сапраўды абмеркавалі гэтае пытанне з улікам свайго разумення, мудрасці, досведу і болю за лёс краіны. І вынікі галасавання для мяне натхняльныя, таму што ніводнага голасу супраць і тры устрымаліся з 18, якія бралі ўдзел у галасаванні. Я лічу, што гэта вялікі аванс і вялікі давер. Я не падвяду людзей!
Калі ў нас, па некаторых падліках, 80 працэнтаў людзей у краіне хочуць пераменаў, то пара перамагаць, – падкрэсліў Мікалай Статкевіч.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
У чацвер, 17 студзеня, у Менску адбылося чарговае пасяджэнне Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
Па словах аднаго з сяброў Рады грамадска-палітычнага актывіста са Слоніма Віктара Марчыка, Рада разглядзела шэраг пытанняў, сярод якіх было пытанне пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, якія могуць адбыцца сёлета ці ў наступным годзе.
Рады БНК вырашыла прыняць удзел у выбарах і вылучыць аднаго кандыдата. Мікалай Статкевіч прапанаваў Уладзіміра Някляева, але Уладзімір Някляеў адмовіўся па розных прычынах. “Тады была прапанавала ад БНК кандыдатура Мікалая Статкевіча.
І гэту кандыдатуру падтрымалі многія сябры Рады БНК. Хаця ўсе сябры Рады БНК разумеюць, што выбараў у Беларусі няма. Але ігнараваць палітычную кампанію сёння нельга. Таму і сябры Рады БНК і ўсе беларусы сёння будуць дамагацца сапраўдных выбараў”, – сказаў Віктар Марчык.
Беларускае Радыё Рацыя