Богдан Здраеўскі: Хуткіх зменаў у Беларусі чакаць не даводзіцца
Рэвалюцыйных ці хуткіх зменаў у Беларусі чакаць не даводзіцца, адзначыў старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі Богдан Здраеўскі пасля двухдзённых сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх уладаў і грамадзянскай супольнасці.
„Гэта быў першы візіт еўрадэпутатаў у Беларусь з 2002 года, і гэта самы вялікі поспех”, – кажа Богдан Здраеўскі:
– Кожны, хто лічыць, што такога кшталту кантакты могуць прынесці пэўны эфект і змены, паводле маёй сённяшняй ацэнкі, можа лічыць на невялікія поспехі. Пры ўсіх гэтых адносінах важна рацыяналізаваць палітычную сітуацыю і памятаць, што на гэты момант прымус да большых кампрамісаў на карысць Еўропы можа прынесці адваротны вынік.
У заключным камюніке з візіту дэлегацыі Еўрапарламента чытаем, што галоўная мэта паездкі – ўтрыманне адкрытых каналаў камунікацыі, узнаўленне дыялогу і праца на карысць узаемазбліжэння. Гэтыя мэты пакуль не дасягнутыя, а ці будуць – пакажа бліжэйшы час, адзначыў Богдан Здраеўскі.
Дэлегацыя Еўрапарламента пабывала ў Менску 18, 19 чэрвеня.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота zdrojewski.info
