„Больш брудных выбараў у Беларусі яшчэ не было”
„Больш бруднай” выбарчай кампаніі, чым гэтыя мясцовыя выбары, у Беларусі яшчэ не было. Такое меркаванне выказаў каардынатар кампаніі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка 19 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.
„Гэта сведчыць, што ўлада сябе дрэнна адчувае, а таму лічыць патрэбным ісці на яшчэ большыя парушэнні”, — сказаў ён, адзначыўшы сярод такіх метадаў правядзенне „каруселяў” для візуалізацыі прысутнасці на участках выбаршчыкаў, якія ў рэальнасці не хочуць ісці галасаваць.
Каардынатар кампаніі Валерый Ухналёў адзначыў, што напярэдадні выбараў гучалі меркаванні пра тое, што ўлады па прыкладзе парламенцкіх выбараў 2016 года прапусцяць у мясцовыя саветы хоць бы невялікую колькасць дэмакратычных кандыдатаў.
„У выніку выбары паказалі, што ўлады не хочуць ісці на лібералізацыю. Яны не хочуць мяняць сістэму, каб не дапусціць яе развалу. Таму кампанія прайшла як заўсёды, толькі з яшчэ большым цынізмам з боку выканаўчай улады”, — сказаў ён.
Тое, што адбываецца на выбарах, — вынік не толькі саміх выбарчых працэдур, але 20-гадовага абалваньвання уладай насельніцтва, лічыць Сяргей Калякін, старшыня Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”, якая ўдзельнічала ў кампаніі назірання. „Улады кажуць людзям, што ад іх нічога не залежыць, што яны павінны проста працаваць і не высоўвацца, інакш вам будзе дрэнна”, — сказаў ён.
„Людзі з кожным годам жывуць усё горш, але працягваюць трываць, лічачы, што выбары нічога не вырашаюць. Пры гэтым яны не глядзяць, што менавіта самыя багатыя краіны вераць у вынікі выбараў. Таму я хачу звярнуцца да людзей: трэба актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці, не спадзявацца на чыноўнікаў. Калі гэта рабіць, можна ў выніку перамагчы гэтую ўладу”, — лічыць Калякін.
Ён таксама мяркуе, што падобная сітуацыя з выбарамі можа ў выніку прывесці да грамадзянскай вайны. „Заўсёды адбываюцца ўзброеныя канфлікты, калі ў грамадстве няма механізмаў вырашэння ўнутраных супярэчнасцяў”, — падкрэсліў Калякін.
Усяго ў кампаніі ўзялі ўдзел 789 назіральнікаў, з іх 7 валанцёраў ажыццяўлялі доўгатэрміновае назіранне, 114 — за датэрміновым і асноўным галасаваннем, 668 — назіранне ў асноўны дзень галасавання.
Назіранне за ходам датэрміновага галасавання ажыццяўлялася на 54 выбарчых участках 22 населеных пунктаў ва ўсіх абласцях і Менску.
У кампаніі ўдзельнічалі прадстаўнікі 12 палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзянскіх ініцыятыў.
Па выніках назірання кампанія прыйшла да высновы, што афіцыйныя вынікі выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў дваццаць восьмага склікання не адпавядаюць рэальнаму волевыяўленню выбаршчыкаў.