Больш каардынацыі
Агляд прэсы: Прэзідэнт Літвы не выключыў закрыццё мяжы з Беларуссю з-за ПВК „Вагнер”; больш каардынацыі з боку НАТА; глабальны саміт па Украіне можа прайсці на палях Генасамблеі ААН ці саміту G20; цень вайны над Заходняй Афрыкай; у Францыі ўсталююць сачэнне за самымі актыўнымі ўдзельнікамі масавых беспарадкаў.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа лічыць, што яго краіна разам з Латвіяй і Польшчай павінны распрацаваць алгарытмы на выпадак, калі сітуацыя з прыватнай ваеннай кампаніяй „Вагнэр” „стане яшчэ больш складанай”. У тым ліку гэта датычыцца магчымага закрыцця мяжы з Беларуссю. «Мы павінны прымаць меры не толькі на нацыянальным узроўні, але і мець выразныя алгарытмы на выпадак, калі сітуацыя стане яшчэ больш складанай, у тым ліку і магчымае закрыццё мяжы з Беларуссю. Але гэта павінна ажыццяўляцца ў каардынацыі паміж Латвіяй, Літвой і Польшчай», – сказаў Науседа на прэс-канферэнцыі з прэм’ерам Польшчы Матэвушам Маравецкім на Сувалкскім калідоры, паведамляе партал Delfi. Прэзідэнт таксама расказаў, што Літва ўзмацніла ахову мяжы, як толькі стала вядома аб магчымым дыслакаванні ПВК „Вагнер” у Беларусі. Маравецкі, у сваю чаргу, баіцца, што байцы ПВК «Вагнэр» будуць «пераапранацца ў нелегальных мігрантаў», каб трапіць у Польшчу і іншыя краіны НАТА для дыверсій. Па дадзеных Варшавы, у Беларусі знаходзяцца некалькі тысяч байцоў прыватнай ваеннай кампаніі.
***
Галоўны рэдактар варшаўскай газеты Rzeczpospolita Багуслаў Хработа заклікае не спускаць справу на тармазах: «Якія ж урокі неабходна атрымаць з гэтага інцыдэнту? Па-першае, Лукашэнка, паказвае сябе як моцнага лідара і пасярэдніка, з дапамогай таннага трука выкрыў слабасць НАТА. Бо які ж гэта ваенны саюз, калі ў яго небе могуць спакойна перамяшчацца замежныя ваенныя верталёты? Па-другое, у наяўнасці доказ таго, у які тып узбраення трэба інвеставаць. Неабходныя сістэмы для назірання і абароны паветранай прасторы Польшчы. Па-трэцяе, патрабуецца больш цеснае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва з НАТА, у тым ліку за кошт перакідкі натаўскай тэхнікі да усходняй мяжы», – піша журналіст.
***
Неназваны чыноўнік паведаміў выданню Politico, што глабальны саміт па „формуле міру” прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, на якім плануецца сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, можа прайсці на палях самітаў пад старшынствам Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку або G20 у Нью-Дэлі. Абодва мерапрыемствы плануюцца ў верасні. Па дадзеных крыніцы Politico, таксама бакі абмяркоўваюць магчымасць падрыхтоўкі „больш арганізаванага” глабальнага саміту да канца года. Саміт пад старшынствам Генасамблеі ААН пройдзе 18-19 верасня. У Крамлі казалі, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пакуль не плануе ўдзельнічаць у мерапрыемстве.
***
Цень вайны над Заходняй Афрыкай.
Рыжская Diena.lv прарочыць змрочную будучыню: «Дзве краіны рэгіёну, якія выйшлі са сферы ўплыву Францыі – Малі і Буркіна-Фасо – ужо абвясцілі аб тым, што напад на Нігер яны будуць расцэньваць як напад на іх саміх. Напружанасць нарастае лавінападобна, і пагроза вайны становіцца ўсё больш рэальнай. Пагроза вайны з усімі тыповымі наступствамі для гэтага рэгіёна – крайняй жорсткасцю, масавымі забойствамі, плынямі бежанцаў. А гэта абяцае малаабнадзейлівыя перспектывы для будучыні Еўропы.»
***
Кіраўнік МУС Францыі Жэральд Дарманэн заклікаў прыняць экстраардынарныя меры для недапушчэння паўтарэння беспарадкаў у краіне, паведамляе Europe 1. Паводле звестак мясцовых журналістаў, ён даручыў устанавіць сачэнне за найбольш актыўнымі ўдзельнікамі чэрвеньскіх і ліпеньскіх пагромаў. У дакуменце, які апынуўся ў распараджэнні французскіх журналістаў, Дарманэн заклікае сваіх падначаленых „мабілізаваць усе сродкі, неабходныя для адсочвання асобных асоб і груп асобаў, якія сталі віноўнікамі гвалтоўных дзеянняў падчас беспарадкаў”, каб гарантаваць бяспеку падчас летніх Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы. Таксама кіраўнік французскага МУС заклікаў узмацніць працу выведкі „для прагназавання падобных падзей” і падтрымкі „доўгатэрміновага парадку”. Масавыя пратэсты, якія выліліся ў пагромы ў Францыі пачаліся 27 чэрвеня. Нагодай стала забойства паліцыяй 17-гадовага Нахеля. Былі затрыманы 4 тысяч чалавек, пад варту былі заключаны больш за 400 удзельнікаў беспарадкаў. Сярод затрыманых мноства непаўнагадовых. 5 ліпеня кіраўнік МУС Францыі паведаміў, што беспарадкі спынены на ўсёй тэрыторыі краіны.
Беларускае Радыё Рацыя