Больш за 70 тыс. чалавек прагаласавалі за кандыдатаў на альтэрнатыўны «Сход»



Больш за 70 тысяч чалавек прагаласавалі за кандыдатаў на альтэрнатыўны «Сход». Сёння заканчваецца галасаванне за народных прадстаўнікоў на аднайменнай лічбавай платформе. 

Анлайн-ініцыятыва «Сход: платформа народных прадстаўнікоў» паўстала ў адказ на намер уладаў склікаць 11–12 лютага так званы УНС (Усебеларускі народны сход). Яе сутнасць — даць магчымасць грамадзянам Беларусі выбраць прадстаўнікоў дзеля абароны сваіх інтарэсаў, якія на мясцовым роўні будуць весці дыялог з уладамі. Агулам на 328 акругаў заяўкі падалі больш за 400 чалавек, сярод іх такія вядомыя асобы, як дыплямат Ігар Ляшчэня, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, палітолаг Уладзімір Мацкевіч, аналітык Андрэй Ягораў, сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, адзін з кіраўнікоў БХД Дзяніс Садоўскі, былы старшы віцэ-прэзідэнт кампаніі EPAM Systems Максім Баграцоў ды іншыя. Галасаваньне завяршаецца 13 лютага. Ініцыятары падкрэсьліваюць, што ні да якай палітычнай сілы не належаць і не зьбіраюцца замяняць сабой органы ўлады, а толькі шукаюць людзей, здольных размаўляць і дамаўляцца з чыноўнікамі рознага роўню.

Беларускае Радыё Рацыя