Паток бежанцаў у Еўразвяз павялічваецца
У 2015 годзе па Міжземным моры ў Еўропу ўжо прыбылі больш за 744 тыс. чалавек, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Цэнтр навін ААН. Ва Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) выказалі заклапочанасць у сувязі з тым, што велізарны лік людзей па-ранейшаму рызыкуюць сваім жыццём, робячы небяспечныя марскія падарожжы з мэтай дабрацца да Еўропы.
Згодна з апошнімі дадзенымі, толькі ў кастрычніку, нягледзячы на пагаршэнне ўмоў надвор’я, Міжземнае мора перасяклі 218 тыс. чалавек. Асноўным пунктам прызначэння застаецца Грэцыя. За ёй ідзе Італія. У пераважнай большасці ўцекачы і мігранты прыбываюць з Турцыі – звычайна на непрыдатных для такіх плаванняў надзіманых судах. Больш за палову ўсіх прыплываючых да еўрапейскіх берагоў – сірыйцы. Яшчэ каля 20% – жыхары Афганістана. У ліку бежанцаў і мігрантаў таксама шмат іракцаў і эрытрэйцаў. У УВКБ называюць Міжземнаморскі маршрут самым небяспечным у свеце. Толькі ў гэтым годзе пры спробе дабрацца ў Еўропу па Міжземным моры загінулі 3400 чалавек. Каля 25% тых, хто адпраўляецца ў гэтае небяспечнае падарожжа – жанчыны і дзеці.
Фота polit.ru