Больш за тысячу чалавек падпісаліся за адстаўку Карпенкі



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў арганізаваў збор подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем адстаўкі міністра адукацыі Ігара Карпенкі.

Збор подпісаў ідзе на сайце «Petitions.by. Зручны горад». За суткі падпісалася 1.052 чалавекі.

«Мы абвясцілі гэты збор подпісаў, бо Міністэрства адукацыі апошнім часам паводзіць сябе не толькі непаслядоўна, але яшчэ і беспрынцыпова: заняло пазіцыю, якая ўскладае дадатковы цяжар на ўсю сістэму, у тым ліку на бацькоў дзяцей, якія не ходзяць у школу, і двайны цяжар на настаўнікаў», – заявіў БелаПАН Барысаў.

Ён лічыць, што сваімі дзеяннямі Мінадукацыі падштурхоўвае да таго, каб дзеці, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, ішлі ў школу.

«Гэта апошняя кропля, каб Карпенка быў адпраўлены ў адстаўку. Чалавек гатовы выконваць распараджэнні, але не гатовы выказваць ініцыятыву, – перакананы апазіцыйны палітык. – У выніку сістэма ў Мінадукацыі не з’яўляецца лічбавай, прагрэсіўнай і ініцыятыўнай. Калі гэтага няма, то ад дзеянняў чалавека, які ўзначальвае галіну, пакутуюць усе».

«Лічым, што міністр адукацыі Ігар Карпенка не справіўся з выклікамі, якія ўзніклі з-за пандэміі каронавірусу», – сказана ў петыцыі.

Сярод прэтэнзій да чыноўніка: адсутнасць арганізацыі дыстанцыйнага навучання, неарганізацыя бяспекі школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў (многія старэйшыя за 60 гадоў). «У сувязі з гэтымі абставінамі лічым, што міністр адукацыі Ігар Карпенка павінен пайсці ў адстаўку, а ў краіне павінна быць арганізаванае дыстанцыйнае навучанне з улікам усіх пералічаных у звароце пунктаў», – заявіў Барысаў.

З-за распаўсюджвання каронавірусу вясновыя канікулы для школьнікаў двойчы працягвалі на тыдзень. 20 красавіка на патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі заняткі пачаліся, аднак шматлікія бацькі пакінулі дзяцей дома.

БелаПАН