Большасць патрабаванняў ЕС беларускія ўлады не выканалі
Пытанне аб кропкавых абмежаваннях супраць фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі разглядаецца Радай міністраў замежных краін Еўразвязу. Гэтыя санкцыі былі ўведзены ў адказ на парушэнне беларускімі ўладамі правоў чалавек і фальсіфікацый падчас выбарчых кампаніяў. Аднак 29 кастрычніка 2015 года іх дзейнасць была прыпынена на 4 месяцы.
Па словах першага намесніка кіраўніка Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, санкцыі супраць службовых асоб Беларусі будуць ці амаль цалкам знятыя, ці будзе зноў працягнуты мараторый на іх ужыванне.
– Гэтае рашэнне можа быць прадыктаванае ў першую чаргу геапалітычнай пазіцыяй Беларусі па праблемных пытаннях у рэгіёне, спробай прадэманстраваць, што Беларусь з’яўляецца кропкай стабільнасці і гатовая весці перамоўны працэс – быць пасярэднікам у ваенным канфлікце паміж Расеяй і Украінай. У другую чаргу, падобнае рашэнне можа быць прадыктавана пэўнымі ўнутранымі зменамі, якія, на нашую думку, абсалютна недастатковыя.
З аднаго боку Аляксандр Лукашэнка вызваліў палітвязняў, таксама спыніліся затрыманні падчас несанкцыянаваных акцый пратэсту. Аднак, як нагадаў Юрась Губарэвіч, усе іншыя патрабаванні, якія ставіліся перад уладамі Беларусі з боку еўрапейскіх краін, не выкананыя. Да гэтага часу існуюць праблемы з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі, немагчыма рэгістрацыя дэмакратычных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, прэзідэнцкая кампанія мінулага году прайшла па ранейшым, не свабодным і не празрыстым, сцэнары.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя