Болтан: На перамовах з Лукашэнкам рашэнняў не прынята, але дыскусія важная



На перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам не прынята канкрэтных рашэнняў, але дыскусія важная для далейшай працы, заявіў дарадца прэзідэнта ЗША Джон Болтан журналістам у Менску паводле вынікаў сустрэчы з беларускім кіраўніком.

Дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі паведаміў, што сустрэча была досыць працяглай. „У нас была вельмі доўгая дыскусія з прэзідэнтам Беларусі — прыкладна 2 гадзіны і 15 хвілін. Яна ахапіла шырокія тэмы — палітыку, эканоміку, пытанні бяспекі як у рэгіёне, так і ва ўсім свеце”, — сказаў Болтан у эфіры навін тэлеканала „Беларусь 1”.

Паводле яго слоў, гэта была вельмі важная сустрэча. „Вядома, мы не прыйшлі да якіх-небудзь канкрэтных рашэнняў, але было вельмі важна абмеркаваць усе гэтыя пытанні”, — сказаў Болтан.

У сюжэце навін беларускага тэлебачання падкрэслілі, што замест запланаваных 45 хвілін Лукашэнка і Болтан гутарылі больш за дзве з паловай гадзіны, а потым яшчэ больш за паўгадзіны „размаўлялі сам-насам” у працоўным кабінеце.

Перад пачаткам сустрэчы Лукашэнка прапанаваў „абмеркаваць адкрыта, нават па-сяброўску” ўсе пытанні беларуска-амерыканскіх адносін. „Нягледзячы на ўсю шуміху, якая адбываецца вакол вашай паездкі, тут шмат станоўчага, асабліва для Беларусі. Станоўчае заключаецца ў тым, і нас ніхто ў гэтым не папракне (і вы, напэўна, ведаеце пра гэта), што мы ўвесь час з моманту пагаршэння нашых адносін з ЗША прапаноўвалі закрыць гэтую нядобрую старонку і пачаць з новага ліста нашы адносіны”, — заявіў ён.

Падчас перамоў Болтан канкрэтызаваў тэмы, якія хацеў бы абмеркаваць у час свайго візіту, — гэта правы чалавека і нераспаўсюджанне зброі.

„Лічу, гэта вельмі добрая магчымасць правесці размову па некалькіх вельмі важных тэмах — рэгіянальнай бяспекі, двухбаковага супрацоўніцтва. Ёсць некалькі пытанняў, якія вельмі цікавяць ЗША: правы чалавека, нераспаўсюджанне зброі. Я згодны з вамі, што мы павінны быць вельмі адкрытыя па гэтых тэмах. Думаю, мы зможам знайсці агульную мову”, — цытуе Болтана прэс-служба Лукашэнкі.

Дарадца Дональда Трампа таксама адзначыў „значныя змены”, якія адбыліся ў адносінах паміж Беларуссю і ЗША. „Гісторыя не стаіць на месцы. Ужо прайшло дастаткова шмат часу з распаду Савецкага Саюза, геапалітычная сітуацыя змянілася. Яна мяняецца нават падчас нашай размовы. Таму ёсць рэгіянальныя пытанні, ёсць пытанні, звязаныя з краінамі, якія геаграфічна знаходзяцца далёка адсюль, але яны таксама ўплываюць на сітуацыю тут. Гэта мы таксама хацелі б абмеркаваць з вамі”, — сказаў Болтан.

Згодна з паведамленнем пасольства ЗША, Болтан прыбыў сёння днём у Менск і адразу ж наведаў мемарыял „Яма”, створаны ў памяць пра ахвяр Менскага гета, пакараных 2 сакавіка 1942 года.

На сённяшнім брыфінгу ў МЗС прэс-сакратар Анатоль Глаз паведаміў, што дарадца прэзідэнта ЗША плануе правесці перамовы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

Прыезд Болтана стаў першым візітам прадстаўніка ЗША ў Беларусь на вышэйшым узроўні з пачатку XXI стагоддзя. Да яго з ліку амерыканскіх службоўцаў высокага рангу Беларусь у цяперашнім стагоддзі наведвалі памочнікі дзяржаўнага сакратара Філіп Гордан (2009 год) і Уэс Мітчэл (2018 год).

Крэмль расцэньвае візіт Болтана у Беларусь як ўнутраную справу Менска, заявіў 28 жніўня журналістам у Маскве прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Ён заўважыў, што казаць аб цесным супрацоўніцтве Менска і Вашынгтона пакуль не даводзіцца, гэта візіт „на працоўным узроўні”.

belapan.by