Браніслаў Камароўскі нагадаў, што ранейшыя пагадненні з Менску не выконваліся
На перамовах у Менску аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне дасягнутая дамоўленасць аб спыненні агню з 15 лютага, а таксама аб вывадзе замежных войскаў з украінскай тэрыторыі.
Паводле слоў Парашэнкі, спыненне агню павінна суправаджацца адводам цяжкіх узбраенняў на працягу 14 дзён.
Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі адзначыў, што вітае мірнае пагадненне і спадзяецца, што гэта першы крок да трывалага міру, нагадаўшы, што ранейшыя пагадненні з Менску не выконваліся.
– Гэта чарговая спроба ўрэгулявання канфлікту. Невядома, якой будзе далейшая перспектыва. Варта нагадаць, што апошнія Менскія пагадненні з верасня не былі выкананыя па прычыне дзеяння расейскіх сепаратыстаў на тэрыторыі Данбасу.
Паводле слоў прэзідэнта Украіны, дасягнутая таксама дамоўленасць аб безумоўным доступе Украіны і яе міжнародных партнёраў да аказання гуманітарнай дапамогі пацярпелым раёнам.
Парашэнка падкрэсліў, што ў прынятым дакуменце не ідзе гаворка ні пра аўтаномію асобных раёнаў, ні пра федэралізацыю Украіны.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя