Брусель змяніў тактыку, вырашыўшы пачаць дыялог
Брусель змяніў тактыку, вырашыўшы пачаць дыялог, торг з афіцыйным Менскам, — такую выснову робіць палітычны аглядальнік Свабоды Валерый Карбалевіч, каментуючы другую размову Ангелы Меркель і Аляксандра Лукашэнкі.
З паведамлення БелТА пра змест другой тэлефоннай размовы вынікае, што ствараецца нейкая пляцоўка для такога дыялогу. Гэта азначае, што Лукашэнка атрымаў некалькі дывідэндаў, якія маюць хутчэй псіхалагчны характар. Па-першае, адпомсціў суседзям (Польшчы, Літве, Латвіі) за іх пазіцыю адносна ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, тым, што стварыў для іх сур’ёзныя праблемы. Па-другое, прымусіў Еўразвяз пачаць дыялог, чаго Еўропа ня вельмі хацела. Па-трэцяе, дыялог пачаўся па тым парадку дня, на якім настойваў Менск. Піша аналітык. На яго думку, пакуль што ў сітуацыю на мяжы гэта нічога не змяняе, акрамя таго, што робяцца спробы вырашыць гуманітарную праблему з мігрантамі. Еўразвяз гатовы вылучыць для іх 700 тысяч еўра. Небяспечна тое, што Лукашэнка можа зразумець, што шантаж – працуе.