Брытанія дапускае прадастаўленне Украіне наступальнага „больш смяротнага” узбраення
Ва ўрадзе Брытаніі думаюць над прадастаўленнем Украіне наступальнага ўзбраення, улічваючы неабходнасць выганяць расейскія войскі з акупаваных тэрыторый.
Пра гэта паведамляе The Times са спасылкай на свае крыніцы ва ўрадзе, піша „Еўрапейская праўда”.
Па іх словах, прэм’ер Барыс Джонсан на пасяджэнні ўрада сказаў, што хоча аказаць Украіне „больш смяротную” ваенную дапамогу, і дадаў, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін напэўна паспрабуе прычыніць Украіне яшчэ больш болю. Адмірал сэр Тоні Рэдэкін, начальнік штаба абароны, на брыфінгу для міністраў сказаў, што вайна ва Украіне пераходзіць да „больш традыцыйнай”, і Украіна ад спроб спыніць наступ пераходзіць да ўтрымання пазіцый і адваёўвання тэрыторый.
Ён сказаў, што Брытанія таксама павінна перайсці да „новага этапу” падтрымкі Украіны, і ва ўрадзе разважаюць, якую дапамогу можна было б аказаць.