Брытанія і ЕЗ абвясцілі пра істотны прагрэс па „брэксіту”
У перамовах па „брэксіту” ўдалося дасягнуць значнага прагрэсу, сказаў кіраўнік еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер.
Цяпер пракладваецца дарога да перамоваў аб будучых узаемаадносінах Вялікабрытаніі і Еўрапейскага звяза, адзначыў Юнкер.
У пятніцу раніцай у Брусель прыехала брытанскі прэм’ер-міністр Тэрэза Мэй. Ноччу яна ўдзельнічала ў абмеркаванні пытання аб межах з Ірляндыяй.
Мэй сказала, што мяжы ў класічным разуменні (з памежнікамі і КПП) не будзе, мяжа застанецца максімальна вольнай. Акрамя таго, грамадзяне ЕЗ у Брытаніі „змогуць жыць, як і раней”.
Мэй таксама адзначыла, што Брытанія дакладна пакідае Еўразвяз, аднак нацэлена на глыбокае партнёрства і асаблівыя адносіны з ЕЗ у будучыні. Для таго, каб перамовы па „брэксіту” перайшлі ў практычную фазу, неабходна было вырашыць тры пытанні: правы грамадзян ЕЗ у Вялікабрытаніі, сума адчэпных, якую Лондан заплаціць Бруселю за прывілей пакінуць звяз, і ірляндская мяжа.