Брытанскі дэпутат у ПАСЕ: Мы нічога не зрабілі для людзей у Беларусі
„Мы нічога не зрабілі для людзей у Беларусі і дагэтуль, наколькі я разумею, нічога не робім”, — заявіў брытанскі дэпутат Ян Лідл-Грэйнджэр, выступаючы 25 студзеня на сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) у Страсбургу.
„Нашы суседзі ў Беларусі адважна працягваюць змагацца за свае правы, асноўныя правы і супраць нябачнай, а часам і бачнай жорсткасці паліцыі, — сказаў дэпутат. — Беларусь можа не быць дзяржавай-членам, аднак калі ў Савета Еўропы, найстарэйшай і паважанай праваабарончай арганізацыі на планеце, няма адказу на крыкі і маленні аб дапамозе з боку еўрапейскай краіны, то ў чым сапраўды мэта гэтай арганізацыі?”
Лідл-Грэйнджэр таксама адзначыў, што ў мінулую суботу ў Расеі прайшлі акцыі пратэсту, на якіх былі затрыманыя сотні чалавек.
„Безумоўна, гэтай арганізацыі (Савету Еўропы. — БелаПАН.) трэба вельмі ўважліва паглядзець на гэта, — сказаў парламентарый. — Сярод нашых членаў ёсць былыя міністры, нават былыя прэм’ер-міністры, былыя камісары ЕС і нават былыя камісары па правах чалавека. Шырокая грамадскасць можа глядзець на нас як на сумленне Еўропы. Аднак гэта не ўплывае на нашы дзеянні як сходу”.
25 студзеня на адкрыцці зімовай сесіі ў Страсбургу ПАСЕ вырашыла не праводзіць тэрміновыя дэбаты на тэму: „Пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі”. Паводле слоў прэзідэнта асамблеі Рыка Дамса, на пасяджэнні 22 студзеня бюро ПАСЕ рэкамендавала „адхіліць просьбу аб абмеркаванні ў межах працэдуры тэрміновых дэбатаў па пытанні аб пагаршэнні сітуацыі ў Беларусі”.
Дэпутат ад Польшчы Богдан Кліх заявіў, што ён і яшчэ шэраг яго калег расчараваныя такой рэкамендацыяй. „Мы расчараваныя тым, што гэтая прапанова была адхіленая, — сказаў Кліх. — Мы стаім перад абліччам драматычнай сітуацыі ў Беларусі. Некалькі чалавек забітыя, зведалі катаванні, многія беларусы прайшлі праз затрыманні і арышты. Я ўпэўнены, што Савет Еўропы і яго Парламенцкая асамблея павінны надаць час гэтаму пытанню, прычым неадкладна”.
Ціні Кокс (Нідэрланды) выказаўся супраць правядзення тэрміновых дэбатаў. Сваю пазіцыю ён растлумачыў так: „Я цалкам згодны з тым, што сказаў спадар Кліх: сітуацыя ў Беларусі выклікае вялікую занепакоенасць. Асамблея ўжо прыняла рашэнне падрыхтаваць два даклады па сітуацыі ў Беларусі. Гэтая праца ідзе. Я думаю, што такім чынам мы можам лепш за ўсё дапамагчы беларускаму народу — разабрацца ў пытанні і потым прыняць дакладную рэзалюцыю, з тым каб абараніць тых, хто выступае за дэмакратыю ў Беларусі, а не праводзіць цяпер дыскусію ў межах працэдуры тэрміновых дэбатаў”.