Брытанскі парламент прагаласаваў супраць плану выхаду з ЕЗ



Брытанскія дэпутаты ў аўторак 15 студзеня адхілілі план выхаду Вялікабрытаніі з Еўразвяза, паведамляе Бі-Бі-Сі. Пераважнай большасцю галасоў яны адхілілі праект, які прэм’ер-міністр Тэрэза Мэй узгадніла з ЕЗ.

Супраць дамовы прагаласавала 432 дэпутата, за яго – 202.  Паразы ўрада з такім разрывам – 230 галасоў – не было яшчэ ніколі ў гісторыі брытанскага парламента. 

Лідар апазіцыі Джэрэмі Корбін тут жа ініцыяваў вотум недаверу ўраду. Гэта можа прывесці да адстаўкі ўрада, датэрміновых выбараў, адтэрміноўцы Brexit і нават паўторнага рэферэндуму аб сяброўстве Брытаніі ў Еўразвязе.

25 лістапада мінулага года кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 27 краінаў ЕЗ на пазачарговым саміце ў Бруселі ўхвалілі дамову аб выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрапейскага звяза. На сустрэчы была таксама падпісаная палітычная дэкларацыя, якая рэгулюе адносіны паміж Бруселем і Лонданам пасля Brexit.

Фота Reuters