Брытанскі пасол заклікала ўрад Беларусі адмяніць смяротнае пакаранне



Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін Перкінс запісала відэазварот да беларускага ўрада з заклікам адмяніць смяротнае пакаранне. Відэа размешчана на афіцыйнай старонцы пасольства ў „Фэйсбуку” ў Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.

Дыпламат расказала, што ў 1965 годзе брытанскі парламент прыняў закон аб часовай забароне на вынясенне смяротнага прысуду за забойства і замене яго абавязковым прысудам на пажыццёвае зняволенне. У той час, адзначыла Перкінс, апытанні грамадскай думкі паказвалі, што большасць насельніцтва Вялікабрытаніі выступала за захаванне гэтай меры пакарання „ў выпадку жорсткіх злачынстваў”.

Яна нагадала, што, згодна з вынікамі рэферэндуму 1996 года ў Беларусі, больш за 80% тых, хто прагаласаваў, выказаліся за захаванне смяротнага пакарання, аднак „у той час у Беларусі не існавала такой формы пакарання, як пажыццёвае зняволенне”.

„Часам патрабуецца палітычнае рашэнне, каб змяніць грамадскую думку па якім-небудзь пытанні, так адбылося ў Вялікабрытаніі, — заявіла дыпламат. — Прайшло больш за 50 гадоў, і цяпер падтрымка смяротнага пакарання сярод насельніцтва Вялікабрытаніі ўпала ніжэй за 50%. Я веру, што ў канчатковым выніку грамадская думка па смяротным пакаранні ў Беларусі пойдзе тым жа шляхам, калі ўжо не пайшла”.

Паводле слоў брытанскага пасла, „эмоцыі, якія суправаджаюць пытанне смяротнага пакарання, зразумелыя, але таксама ясна і тое, што памылкі здараюцца, а смяротнае пакаранне — незваротнае пакаранне”.

Беларусь, сказала дыпламат, з’яўляецца „часткай еўрапейскай супольнасці”, але застаецца „адзінай краінай у Еўропе, якая да гэтага часу прымяняе смяротнае пакаранне”.

„Таму я заклікаю ўрад Беларусі прыняць палітычнае рашэнне аб адмене смяротнага пакарання альбо аб увядзенні мараторыя на яго прымяненне ў якасці першага кроку”, — падсумавала Перкінс.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 прыгавораных да вышэйшай меры пакарання. Паводле звестак праваабаронцаў, сёлета ў краіне пакаралі смерцю двух чалавек, яшчэ двое чакаюць выканання смяротнага прысуду.

Напярэдадні Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання Еўрасаюз і Савет Еўропы ў чарговы раз заклікалі Беларусь „адмяніць смяротнае пакаранне і далучыцца да супольнасці нацый, якія вырашылі замяніць помсту чалавечай годнасцю”.

belapan.by