Брытанцы назвалі імя меркаванага арганізатара выбуху на борце А321
Улады Брытаніі ўжо маюць галоўнага падазраванага ў справе здзяйснення меркаванага тэракту на борце расейскага самалёту над Сінайскім паўвостравам, — паведамляюць СМІ Вялікабрытаніі. Гэта Абу Усама аль-Масры, кіраўнік групоўкі «Правінцыя Сінай», падпарадкаванай Ісламскай дзяржаве.
Аль-Масры, 42-гадовы былы гандляр вопраткай, прызнаўся ў арганізацыі тэракту ў аўдыёзапісы, апублікаваным 4 лістапада, пад назвай «Мы яго збілі, таму памірайце ад раз’юшанасці» (We downed it, so die in your rage).
Спачатку да зяваў ісламістаў ставіліся скептычна, аднак, следчыя, якія даследуюць катастрофу, ўжо амаль упэўненыя, што расейскі самалёт знішчыла менавіта бомба.
Пакуль няма афіцыйнага пацверджання, што самалёт знішчыла менавіта бомба. Гэтую версію вельмі не хочуць прымаць егіпцяне, якія баяцца панікі сярод турыстаў і стратаў у турыстычнай галіне эканомікі краіны.
Аднак, брытанскія СМІ паведамляюць, што ўжо нават адзін з сябраў следчай камісіі неафіцыйна падтрымаў версію пра выбух. Следчыя нібы на 90% пэўныя, што гук, які чутны на апошняй секундзе запісу з кабіны пілотаў, гэта выбух бомбы.
У катастрофе Airbus A321, якая адбылася 31 кастрычніка, загінулі 224 чалавекі.
Групоўка Правінцыя Сінай, адпавядае за шматлікія напады на егіпецкіх паліцыянтаў і жаўнераў, у лістападзе 2014 года яна заявіла пра падпарадкаванне Ісламскай дзяржаве.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле tvn24
Фота: ibtimes.co.uk