БСДП пачынае падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў



Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) пачынае падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў, паведаміў БелаПАН яе старшыня Ігар Барысаў.

Паводле яго слоў, партыя мае намер прадставіць кандыдатаў на ўсе 110 выбарчых акругаў, але дакладная колькасць жадаючых вылучыцца яшчэ невядомая.

„На дадзены момант у спісах кандыдатаў прыкладна 65 чалавек. Канчатковую колькасць вызначым на пазачарговым з`ездзе партыі 22 верасня”, — сказаў ён.

Як растлумачыў Барысаў, плануюць вылучацца ён сам, а таксама в.а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў, намеснік старшыні партыі Ганна Канюс, актывіст Ігар Маслоўскі і інш. Частка кандыдатаў пройдзе па спісе партыі, частка зоймецца зборам подпісаў.

Згодна з заканадаўствам, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў павінны прайсці не пазней за 10 верасня 2020 года. Падчас штогадовага паслання народу і парламенту 19 красавіка Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці іх 7 лістапада 2019 года. „Калі гэта прымальна па законе, у нас ёсць добрае свята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7 лістапада, выхадны дзень”, — сказаў ён.

Аднак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв`ю БелаПАН паведаміла, што камісія будзе прапаноўваць Лукашэнку прызначыць выбары ў парламент 17 лістапада.

Пры гэтым яна заявіла, што правядзенне парламенцкіх выбараў не будзе лічыцца датэрміновым, нягледзячы на істотнае скарачэнне тэрміну паўнамоцтваў дэпутатаў шостага склікання. Ярмошына звярнула ўвагу на тое, што „ў Канстытуцыі ідзе гаворка не пра датэрміновыя выбары, а пра датэрміновае спыненне паўнамоцтваў парламента”. Артыкул 94 Асноўнага закона абвяшчае, што паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спыненыя пры адмове ў даверы ўраду, выражэнні вотуму недаверу ўраду або двухразовай адмове ў дачы згоды на прызначэнне прэм`ер-міністра.

„Артыкул змяшчае падставы для датэрміновага спынення паўнамоцтваў парламента, але гэта з`яўляецца спецыяльным актам. Гэта значыць, прэзідэнт павінен прыняць рашэнне, за пэўны тэрмін пракансультавацца з кіраўнікамі палат парламента і выдаць указ аб спыненні яго паўнамоцтваў. Нічога падобнага ў нас няма. Ніякага датэрміновага спынення паўнамоцтваў парламента не адбываецца. Але выбары, сапраўды, праходзяць раней за тэрмін”, — сказала Ярмошына.

belapan.by