БСДП(Г) прадставіла праект закону „Аб упаўнаважаным па правах чалавека”
Праект закону „Аб упаўнаважаным па правах чалавека”, які распрацаваны Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), быў прадстаўлены ў Менску на адмысловай прэс-канферэнцыі.
Па словах старшыні партыі Ігара Барысава, пасада ўпаўнаважанага па правах чалавека існуе прыкладна ў 100 краінах свету. Называецца яна па рознаму — амбудсмен ці медыятар. Прадстаўнікі на гэтую пасаду ў бальшыні выпадкаў абіраюцца парламентам. Упаўнаважаны па правах фармуе таксама сваю адмысловую структуру.
– Яго асаблівасць у тым, што ён на працягу 24 гадзін можа аператыўна рэагаваць на парушэнні, якія адбываюцца. І калі да яго вусна звяртаюцца, альбо пісьмова, гэты чалавек мусіць за гэтым сачыць. Яшчэ ў 2010 годзе Рада ААН рэкамендавала Беларусі ўвесці падобную пасаду. Была дускусія, абмеркаванне, але нічым гэта не скончылася. Дагэтуль гэтай пасады ў Беларусі няма. Ці патрэбная яна? Я ўпэўнны, што больш чым, таму што мы постсавецкая краіна, у нас няма ў дзяржаўных органах такога паняцця, як поўнавартасная рэалізацыя правоў і свабоды грамадзян.
Таму патрэбен чалавек, які ад імя грамадства будзе наглядаць за выкананем канстытуцыйных правоў і свабодаў. Па словах Ігара Барысава, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) распрацавала шэраг падобных законапраектаў. Напрыклад, Канцэпцыю канстытуцыйных пераўтварэнняў, праект Закону аб судаўладкаванні і іншыя. І гэтая праца працягваецца.
Праект Закона „Аб упаўнаважаным па правах чалавека” таксама прадставілі прафесар-юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў і гісторык Анатоль Сідарэвіч, якія ўдзельнічалі у яго распрацоўцы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН