Будзьма салідарнымі!
Шаноўныя сябры!
4 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.
На жаль, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за апошнія гады не змянілася да лепшага. Падзеі, якія адбываюцца ў былых постсавецкіх краінах: у Расеі, на паўднёвым усходзе Украіны і ў Крыме, у Азербайджане захінулі сабой Беларусь. Там паўсюль стала горш, але і ў нас па-ранейшаму ўлады паўсюдна абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзянаў і працягваюць рэпрэсаваць грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў. Пра гэта 23 чэрвеня на Савеце па правах чалавека ААН у сваім дакладзе заявіў спецдакладчык па Беларусі Міклаш Харашці. Ён адзначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася за справаздачны перыяд.
Праблема з правамі чалавека ў Беларусі застаецца актуальнай. Яна адмоўна ўплывае на ўвесь постсавецкі рэгіён.
У Беларусі застаюцца палітычныя зняволеныя. У турмах па палітычных матывах знаходзяцца 6 асобаў. Пачалася прэзідэнцкая выбарчая кампанія, выбары адбудуцца 11 кастрычніка, а ў зняволенні ў вельмі цяжкіх умовах утрымліваецца адзін з кандыдатаў у прэзідэнты мінулай выбарчай кампаніі Мікалай Статкевіч. Узмацніўся ціск на палітвязняў у зняволенні. Колькасць палітычных зняволеных у любы момант можа павялічыцца.
Пастаянна адбываецца адміністратыўны пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць с замежнымі масмедыя. За апошні час былі ўзбуджаныя дзясяткі адміністрацыйных справаў. Да прыкладу, гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, 9 чэрвеня быў шосты раз асуджаны і аштрафаваны.
У лютым гэтага года з Беларусі па надуманых прычынах была дэпартаваная вядомая беларуская праваабаронца Алена Танкачова, якая была грамадзянкай Расеі і пражыла ў Беларусі амаль 30 гадоў.
Улады ў Беларусі не збіраюцца змяняць свае адносіны да грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Ціск і рэпрэсіі на дэмакратычных актывістаў – гэта сённяшняя мова беларускіх уладаў.
Таму я звяртаюся з просьбай да вас падтрымаць адзначэнне 4 жніўня Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. І ў гэты дзень знайсці спосаб і магчымасці выказаць гэтую салідарнасць.
Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтра „Вясна”