Бундэстаг прыняў дзве рэзалюцыі па Беларусі
Дзве рэзалюцыі па Беларусі прыняў Бундэстаг – парламент Нямеччыны. Два дакументы, але розныя думкі – ад дэмакратыі, свабодаў да імперскасці. Канешне, слушныя абвінавачванні рэжыму Лукашэнкі ў нелегітымным статусе. Але адсутнасць Беларусі як самадастатковай краіны, як асобнага суб’екта знешняй палітыкі – працяг імперскай традыцыі Расеі ў медыйным кірунку.
Кажа палітолаг Ігар Тышкевіч:
– На жаль, у значнай часткі нямецкіх палітыкаў Беларусь – гэта не Беларусь, а ўсё яшчэ “Белая Расея”. І зыходзячы з гэтага, успрыняццё нашай краіны ідзе як успрыняццё беспярэчнай перыфірыі Расейскай Федэрацыі, дзе яна аб’ектыўна, гістарычна і з пункту гледжання справядлівасці, мае гарантаваць сабе дамінуючую ролю ўплыву. Па-першае, гэта не адпавядае нават настрою насельніцтва і тым больш не адпавядае з пункту гледжання гістарычнага.
Нягледзячы на такі настрой адносна Беларусі, у моўным пытанні мог дадацца яшчэ адзін чыннік. Можна зразумець, чаму „Нямецкая хваля”, ігнаруючы беларускую мову як нацыянальную мову народа, замяніла яе на расейскую. Гэта фактычнае не ўжыванне беларускай мовы Святланай Ціханоўскай, якая разам з удзельнікамі Каардынацыйнай рады пабывала нядаўна ў Бундэстагу.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя