Бяляцкі: Санкцыі былі інструментам уплыву, але могуць быць і іншыя інструменты
Алесь Бяляцкі пасля візіту ў Брусель не выключае зняцця санкцый у дачыненні да Беларусі і параўновае паводзіны Лукашэнкі з паводзінамі Чаўшэску.
Лідар праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі разам з экс-старшынёй, а цяпер сябрай праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной, правёў шэраг сустрэчаў з еўрапалітыкамі ў Бруселі. Між іншым, яны сустрэліся з намеснікам генеральнага сакратара еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Шмід, спецыяльным прадстаўніком ЕЗ па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам, амбасадарамі еўрапейскіх краін пры ЕЗ па палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі ды іншымі асобамі.
Візіт адбыўся напярэдадні прыняцця рашэння Еўразвязу адносна санкцый у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў і кампаній, уведзеных за сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Да 29 лютага санкцыі знаходзяцца ў «замарожаным» стане. А ўжо 15 лютага іх далейшы лёс мае абмеркаваць Рада Еўразвязу па замежных справах.
Алесь Бяляцкі: Мы паехалі туды не з пустымі рукамі, у нас былі два дакументы, распрацаваныя сумесна некалькімі праваабарончымі арганізацыямі. Фактычна мы хацелі данесці пазіцыю беларускіх праваабаронцаў да еўрапейскіх структур і да амбасадараў краінаў, якія прадстаўляюць Еўразвяз, бо там таксама былі сустрэчы з амбасадарамі і прыйшлі практычна амаль усе прадстаўнікі краінаў Еўразвязу. Гэта была вельмі прадстаўнічая сустрэча. З боку еўрапейскіх чыноўнікаў і амбасадараў краінаў была выказана фармальная цікаўнасць.
У нас было мноства сустрэчаў, якія былі шчыльна распланаваныя на працягу 2 дзён, і мы фактычна даводзілі: гаварылі пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі і як мы ацэньваем гэтую сітуацыю, у першую чаргу з правамі чалавека, з дэмакратычнымі свабодамі ў нашай краіне. Так яшчэ супала, што літаральна перад намі па гэтых жа кабінетах хадзіла намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. Калі ў яе сустрэчы адбываліся зранку, дык з тымі ж самымі людзьмі ў нас гэтыя сустрэчы адбываліся пасля абеду. Зразумела, што ейныя рыторыка і імпэт былі накіраваныя на спыненне санкцыяў. Мы ж не столькі казалі пра самі санкцыі, бо санкцыі — не больш чым інструмент, і ўсе гэта выдатна разумеюць, колькі казалі пра тое, што еўрапейская супольнасць не мусіць мяняць ровень кантролю за тым, што адбываецца з Беларуссю і ровень уплыву, а інструменты гэтага ўплыву могуць быць розныя. Былі санкцыі, як інструмент уплыву, а могуць быць і іншыя інструменты. Мы казалі пра дарожную карту, якая магла б быць наступным крокам развіцця кантролю і ўплыву, і дзе б беларускія ўлады і Еўразвяз ясна і дакладна прапісалі б пункты абавязкаў з абодвух бакоў. Нас, вядома, у першую чаргу цікавіць абавязкі з беларускага боку па выкананні дэмакратычных свабодаў, па дэмакратызацыі сітуацыі ў Беларусі. Трэба адзначыць, што мы знайшлі разуменне з боку еўрапейскіх чыноўнікаў і спадзяёмся, што, ў тым ці іншым выглядзе, гэтыя патрабаванні напрыканцы месяца таксама будуць агучаны.
РР: Вы казалі, што прыехалі ў Брусель са сваёй ацэнкай сітуацыі з правамі чалавека і стану дэмакратыі ў Беларусі. Якую ацэнку вы прадставілі?
— Мы казалі, што па вялікім рахунку ніякіх зменаў у самой краіне не адбываецца і, на жаль, беларускія ўлады цяпер прадаюць гэткі “прыхарошаны” імідж беларускага рэжыму, які насамрэч не адпавядае таму, што адбываецца ў краіне. Яны больш абяцаюць, вобразна кажучы, “падміргваюць” і раскланьваюцца, выказваюць жаданне, а некаторыя еўрапейскія чыноўнікі задаволеныя нават гэтым: тым, што беларускія ўлады ўрэшце рэшт пайшлі на перамовы. Яны бачаць у гэтым працэсе перамоваў патэнцыял для далейшага паляпшэння стасункаў з беларускімі ўладамі і павелічэння свайго ўплыву ў Беларусі. Гэта было відавочна бачна з некаторых сустрэчаў. У гэтай сітуацыі, пасля ўсіх гэтых сустрэчаў, я прыходжу да высновы, што хутчэй за ўсё санкцыі ў дачыненні да Беларусі напрыканцы месяца адменяць.
РР: Нават не замарозяць, а проста адменяць?
— Так. Хутчэй за ўсё пакінуць тых 4 асобаў, якіх падазраюць у знікненні беларускіх палітыкаў і журналістаў, што адбыліся ў 1999 – 2000 гадах, а ўсе іншыя санкцыі будуць знятыя. У той жа ж час мы чулі запэўніванне ў тым, што кантроль за сітуацыяў у Беларусі не будзе змяншацца. Калі мы казалі пра дарожную карту і абавязкі беларускіх уладаў, яны адказвалі так: Еўразвяз не ўступіць у новую фазу адносінаў з беларускімі ўладамі без акрэсленых патрабаванняў. Таму, выглядае на тое, што ўмовы паляпшэння стасункаў будуць распрацаваныя і я чуў пра тое, што гэтыя ўмовы будуць дастаткова яснымі і будуць датычыць грамадска-палітычных правоў, змены выбарчага заканадаўства і самога працэсу выбараў, таксама важным пытаннем застаецца і будзе гучаць мараторый ня смяротнае пакаранне і рэабілітацыя палітычных зняволеных. Прынамсі гэтыя ідэі я чуў, і думаю, яны будуць агучаныя. Мне нават сказалі, што верагодна, такіх умоваў будзе 9, але паглядзім, ці будзе гэта нейкі канкрэтны дакумент. Мы настой валі, каб перамовы з беларускімі ўладамі былі аформлены ў канкрэтны дакумент, каб можна было замерыць, што адбываецца з правамі чалавека, з дэмакратычнымі свабодамі і з выкананнем гэтых умоваў сёння, заўтра і паслязаўтра, бо гэта вельмі важныя рэчы. Мы казалі, што ў свой час былі распрацаваныя 11 патрабаванняў Еўразвяза да Беларусі, а фактычна з іх было выканана і тое не цалкам, адно — вызваленне палітычных вязняў, а ўсе астатнія застаюцца актуальнымі.
РР: Як вы ўжо заўважылі, ўсе патрабаванні не новыя і шмат гадоў яны, у той ці іншай форме гучалі ў розных варыянтах. І нават у межах праграмы Усходняга партнёрства выказваліся пэўныя патрабаванні, а ўсё адно нічога не змяняецца. Цяпер санкцыі могуць адмяніць. Ці можна канстатаваць, што агулам, гэта параз дэмакратычнай супольнасці Беларусі?
— Я мяркую, што не, і глыбока перакананы, што санкцыі адыгралі сваю ролю. Тое, што былі вызваленыя палітычныя зняволеныя: ў 2011 годзе асноўная частка, у 2014 годзе я, і ў 2015 годзе яшчэ 6 асобаў, пра якіх была адназначная думка, што яны палітзняволеныя — гэта і ёсць непасрэдны ўплыў санкцыяў. Апроч таго, трэба сказаць, што яны стрымлівалі рэпрэсіўныя жаданні беларускіх уладаў далей прэсінгаваць грамадзянскую супольнасць. Яны стрымлівалі ўзровень і маштаб рэпрэсіяў, які мог быць значна большым. Цяпер сітуацыя змяняецца і з аднаго боку, сапраўды, не будзе гэтага жорсткага інструмента кантролю і абмежаванняў, звязаных з тымі парушэннямі, якія беларускія чыноўнікі рабілі ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці, а з другога боку, трэба канстатаваць, што і беларускія ўлады цяпер гэты свой рэпрэсіўны запал вымушаныя стрымліваць. Вядома, я сумняваюся, што гэта працягнецца нейкі доўгі час, але пакуль вось такая сітуацыя: адносна не вострая і не драматычная, — гэта дае шанец беларускім актывістам, грамадзянскай супольнасці, развіваць сваю дзейнасць і актыўна працаваць з людзьмі.
РР: Вы сказалі, што дыялог атрымліваўся, было разуменне, але калі ацэньваць вынікі ў далейшай перспектыве, наколькі вы задаволеныя гэтымі сустрэчамі?
— Галоўнае, што мы данеслі нашу калектыўную думку, данеслі нашыя трывогі і засцярогі, і я неаднойчы чуў з боку еўрапейскіх чыноўнікаў тое, што яны казалі: мы не такія наіўныя. У адносінах з беларускім урадам і беларускімі чыноўнікамі яны заўсёды ведаюць, з кім яны вядуць размову. А наша справа даваць свежую інфармацыю пра тое, што ў нас адбываецца ў краіне. Я думаю, сваю місію мы, на дадзены момант, выканалі і будзем далей працягваць працу па маніторынгу сітуацыі і па дапамозе ў тых выпадках, калі рэпрэсіі ўсё ж будуць працягвацца, у той ці іншай форме. Мяркую, што беларускія ўлады, вядома, цяпер гуляюць, выкарыстоўваючы гэтую сітуацыю і намагаючыся нічога не змяніць ў Беларусі і ў той жа час выглядаць дастаткова самастойнымі, ці, прынамсі, паказаць імідж самастойнай, нейтральнай Беларусі, якая не знаходзіцца пад уплывам Расеі. Мы ж добра ведаем гістарычныя прыклады з Савецкага мінулага, калі той жа рэжым Чаўшэску заўсёды дэманстраваў сваю незалежнасць ад Савецкага Саюза. Яны заўсёды мелі нібы асобную думку ад іншых краінаў сацыялістычнага блоку і ў той жа час сам рэжым быў значна горшы за рэжымы ў іншых сацыялістычных тагачасных краінах, калі не лічыць самога Савецкага Саюза, дзе была адназначная таталітарная дыктатура. Цяпер, мне здаецца, можна правесці паралелі: Лукашэнка спрабуе пабудаваць імідж незалежнага ад Расеі палітыка. У той жа час, мы павінны не забываць і даносіць гэтую думку да ўсіх, з кім мы сустракаемся і з кім мы маем кантакты, што па-сутнасці таталітарная сістэма ў Беларусі захоўваецца, і ў любы момант яна можа разгарнуцца і ровень рэпрэсіяў можа павялічыцца вельмі хутка, бо ўсе рэпрэсіўныя інструменты на сённяшні дзень застаюцца. Не змянілася заканадаўства, ніякім чынам і ніякіх, пакуль што, і намётак няма на тое, што яно будзе мяняцца і будзе станавіцца больш дэмакратычным. Спецслужбы, усе сілавыя структуры таксама знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасці. Пагадненні, і эканамічныя і палітычныя і вайсковыя, з Расеяй таксама захоўваюцца ў сіле. Таму, гэты перыяд адноснай стабільнасці на маю думку не будзе доўгім і нам, ні ў якім выпадку не трэба спадзявацца, што сам рэжым пойдзе на працэс дэмакратызацыі ў краіне, калі не будзе адназначнага ціску з боку беларускага грамадства.
Мы павінны выкарыстаць гэты час, які патрэбны Лукашэнку. Для чаго яму патрэбнае паляпшэнне адносінаў з Еўразвязам таксама зразумела: бо патрэбныя фінансы ў час фінансавага крызісу, патрэбная палітычная падтрымка ў час тых геапалітычных землятрусаў, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне. Таму яны спрабуюць зараз абаперціся на Еўразвяз і робяць гэта ў тактычных мэтах. Стратэгічная задача Лукашэнкі не ў тым, каб наладзіць поўнапраўныя, шчырыя і доўгатрывалыя ўзаемаадносіны з Еўразвязам. Ягоная задача — перажыць год, два, тры, а там паглядзім. На жаль, еўрапейскія чыноўнікі да канца не разумеюць усёй гэтай гульні і спрабуюць знайсці нейкі правільны шлях, неканфрантацыйны шлях, а ў той жа час з боку беларускага рэжыму гэта цалкам тактычныя захады, а стратэгічна рэжым незмяняльны. Таму, вельмі важна, каб усе нашы намаганні былі скіраваныя на дапамогу беларускаму грамадству стаць на ногі, выйсці з гэтай сітуацыі абсалютнай пакоры і падпарадкаванасіц і сказаць сваё слова.
Акурат перад размовай з Алесем Бяляцкім стала вядома, што 9-10 лютага Беларусь наведаюць дыпламаты высокага рангу з Аўстрыі, Вялікабрытаніі і Нямеччыны. Яны сустрэнуцца, між іншым, з міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімірам Макеем. Выглядае на тое, што гэты візіт таксама звязаны з вырашэннем пытання санкцый у дачыненні да Беларусі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя