Бяляцкі: За апошнія дзесяцігоддзі такога беззаконня Беларусь не бачыла



Па словах кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, такога беззаконня, як падчас і пасля прэзідэнцкай кампаніі, Беларусь яшчэ не ведала за апошнія дзесяцігоддзі.

Як бы там не было, – кажа Бяляцкі, – але нейкія нормы закона працавалі ў Беларусі. А тое, што зараз адбывааецца ў цэнтры ізаляцыі на Акрэсціна ў Менску, у іншых месцах утрымання зняволеныых у іншых гарадах, інакш як крымінальнымі злачынствамі не назавеш. Прыйдзе час і тыя, хто здекуецца над людзьмі, адкажуць. Але самае страшнае, што ўжо ёсць ахвяры пратэстаў:

– Дакладна мы ведаем, што забіты чалавек у Менску светлашумавой гранатай. З учора на сёння ў Берасці чалавеку з агнястрэльнай зброі трапіла куля ў галаву, і шанцаў на тое, што ён выжыве, амаль няма. Гэта дакладная інфармацыя. Што тычыцца іншых выпадкаў, мы ўдакладняем гэтую інфармацыю. Я думаю, што ў бліжэйшы час карціна стане больш зразумелай. Ёсць іншы, не менш жахлівы выпадак. Калі ў аднаго чалавека была адарваная частка ступні. Былі таксама раздробленыя рэбры, пашкоджаныя ўнутраныя органы. І пры затрыманні машыны  ў Гародні дзяўчынка моцна пацярпела.

Колькасць затрыманых па ўсёй Беларусі на 12 жніўня ўжо больш за 6 тысячаў чалавек. Тых, хто звярнуўся па медычную дапамогу – каля трохсот. Але гэта далёка не поўная лічба, многія асцерагаюцца звяртацца ў бальніцы, каб звесткі пра іх не трапілі да тых жа садыстаў у пагонах. Узбуджана багата крымінальных справаў. І колькасць людзей, якія праходзяць па гэтах справах з палітычнай падаплёкай, ужо большая за 100 асобаў, – кажа Алесь Бяляцкі.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск