Бярозаўскі суд прызнаў дыскрымінацыю апазіцыянераў законнай



“Пры стварэнні ўчастковых камісій для галасавання па выбарах прэзідэнта РБ не дапушчана парушэнняў выбарчага заканадаўства. А довады Берасцейскай абласной Партыі БНФ, што неўключэнне сябраў БНФ у камісіі прывядзе да адсутнасці грамадзянскага кантролю за выбарамі галаслоўны, нічым не абаснаваны і з’яўляюцца надуманымі.”

Суд

Такі вердыкт вынеслі суддзі Бярозаўскага раёна Алена Нямкова і Наталля Мінчанка, пры падтрымцы прадстаўнікоў пракуратуры Сяргея Мяшэчка і Юрыя Пракапчука, кажа Таццяна Тарасевіч, якую не ўключылі ў камісію:

– Калі вырашаецца справа БНФ, то можна нават не ісці – рашэнне будзе адназначна не на нашу карысць. Маем мы рацыю ці не маем – усё роўна мы не маем рацыі. Ніводнага сябра Партыі БНФ не ўключылі ў камісіі і патлумачылі, што ёсць прадстаўнікі шматлікіх грамадскіх арганізацый.

Довады, што Таццяна Тарасевіч назбірала за Таццяну Караткевіч больш 640 подпісаў і чаму б не быць ёй, як прадстаўніку Караткевіч, у камісіі адыгралі адмоўную ролю. Як сказаў пра тое юрыст райвыканкама Яўген Кашталян:

– Навошта, каб асоба, якая падтрымлівае кандыдата ў прэзідэнты, непасрэдна ўдзельнічала ў працы камісіі. У дзень правядзення выбараў агітацыя забароненая, не выключана, што гэтая асоба будзе падказваць ці нейкім чынам уздзейнічаць на выбаршчыкаў.

У Бярозаўскім раёне ніводны з 7 прадстаўнікоў, якія былі накіраваныя ад Партыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), не трапіў ва ўчастковыя камісіі.

Беларускае Радыё Рацыя