Бязвізавы рэжым у Белавежскую пушчу – не для Радыё Рацыя
Наведванне беларускай часткі Белавежскай пушчы без візаў – не для ўсіх. Удзельніку першай турыстычнай групы з Польшчы, якая наведвае беларускую частку пушчы ў фармаце бязвізавага рэжыму, журналісту нашага радыё Радаславу Дамброўскаму забаранілі ўезд на тэрыторыю Беларусі.
І вядома пра гэта стала толькі на памежным пераходзе Грудкі – Перароў, як кажа наш рэдакцыйны калега Радэк Дамброўскі.
– Папярэдне турбюро, якое арганізавала сёння першую гістарычную – як тут яе ўжо назвалі – экскурсію, афармляла пропускі ад Белавежскай пушчы, якія даюць магчымасць уезду ў Беларусь да трох дзён без візы. І на гэтым этапе нічога не было сказана пра тое, што ва ўездзе адмоўлена. Хоць ведаю, што Белавежскі нацыянальны парк з беларускага боку кансультуе папярэднія пропускі з памежнай аховай. Таму беларускія памежнікі не мелі ніякіх засцярогаў. Але сёння падчас праверкі дакументаў аказалася, што я – неўязны, атрымаў пячатку «ўезд забаронены».
Кажа кіраўнік турыстычнага аддзела Белавежскага нацыянальнага парку Багалейша Аксана:
– Нам дасылаюць пашпартныя дадзеныя, мы апрацоўваем заяўкі. Пасля ўсе перасылаем памежнікам. Калі тыя даюць згоду – мы вадаем пропускі, з якімі людзі перасякаюць мяжу.
РР: Сёння ў першай групе ішоў наш журналіст, якому, як аказалася, было забаронена перайсці на тэрыторыю Беларусі.
– Ну, вы самі разумееце, што гэта не мы вырашаем.
РР: Проста спачатку быў дадзены дазвол, а пасля на мяжы ўсё аказалася па-іншаму…
– Тут не мы павінны адказваць на гэта пытанне… Я нічога канкрэтнага не магу адказаць вам.
Працягвае Радэк Дамброўскі:
– Памежнік, відаць, адчуваў сябе няёмка, не змог адказаць на пытанне і запытваўся ў мяне, чаму я не магу ўехаць у Рэспубліку Беларусь. Бо іх сістэма адказвае, што я неўязны. Канешне, я не змог адказаць на гэта пытанне. Для мяне гэта было крыху дзіўна. Праўда, паўтара года таму мне таксама было адмоўлена ў візе. І калі я зараз запытаўся пра прычыны адмовы, то мне адказалі, што яны не маюць такой інфармацыі і прапанавалі звярнуцца ў бліжэйшае консульства або ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Групу турыстаў прапусцілі далей, хоць былі нават невялікія праблемы з запаўненнем гэтых пропускаў. Аднак з увагі на тое, што гэта першая паездка, памежнікі прапусцілі гэтых людзей.
Я да апошняга чакаў ля акенца свой пашпарт. На пераходзе са мной застаўся яшчэ журналіст «Gazety Wyborczej» Анжэй Клапатоўскі, з якім я размаўляў. Памежнік запытаўся, ці ён адпраўлены. Той адказаў, што так. Тады памежнік папрасіў яго выйсці з памежнага пераходу, каб я застаўся адзін. І тут папрасілі мяне прайсці ў пакойчык, дзе паказалі пашпарт і сказала, што, на жаль, я не змагу прайсці праз мяжу і мушу вярнуцца ў Польшчу.
Ніхто не бачыў, што я там заставаўся. Таму ніякіх журналістаў і фотаапаратаў не было. Заднімі дзвярыма мяне выпусцілі і правялі да памежнай паласы.
Удзельнік першай турыстычнай групы, якая наведвае беларускую частку Белавежскай пушчы ў бязвізавым фармаце, журналіст «Gazety Wyborczej» Анджэй Клапатоўскі.
– Канешне, вельмі прыкра, што дайшло да такой сітуацыі. І гэта ў першы дзень. Тым больш здзіўляе яшчэ тое, што спачатку Радэк прайшоў праверку праз інтэрнэт. А іначай усё аказалася на мяжы.
РР: А як будуць рэагаваць журналісты на гэта? Будзе нейкая журналісцкая салідарнасць? Ці проста прынялі да ведама і будзе працягнуты візіт?
– Не магу ў дадзены момант адказаць на гэта…
Сітуацыю каментуе старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:
– Можна назваць гэта так: скандальны пачатак цікавай акцыі. Наша радыё вельмі моцна спрыяла гэтай ініцыятыве. Тым больш калі разглядаць гэта ў кантэксце таго, што мы ўраджэнцы Беласточчыны, частка з нас – родам з Белавежскай пушчы. Я сам адтуль родам, нарадзіўся пры самой мяжы, і там жывуць мае бацькі. І менавіта гэта – цудоўны шанец пабачыць Белавежскую пушчу як цэласць. А тут на самым пачатку такое адбываецца… Думаю, у групы журналістаў, якая паехала туды, застанецца ад гэтай паездкі больш смуроду (прабачце за брыдкае слова), чым нармальнага, таго, што магло б адбыцца.
Гэта будзе вялікая перасцярога для ўсіх грамадзянаў Польшчы, Еўразвяза, калі будуць разважаць над тым, ехаць ім ці не, упусцяць ці не ўпусцяць. Зноў беларускі бок наступае на тыя ж самыя граблі, пра якія гаворыцца шмат гадоў. Не разумею гэтых рашэнняў. Відаць, хтосьці ўнутры краіны дзейнічае не на карысць беларускай дзяржаве, робячы такія крокі. Памежнікі павінны займацца не тымі, хто ўязджае да іх, а тымі, хто наносіць крыўду дзяржаве, яе іміджу, калі не пускае журналістаў у такой першай, прамацыйнай, важнай акцыі. Але гэта сведчыць пра адно: нічога ў беларускай дзяржаве не змянілася, нічога з гэтага не будзе, бо патрэбна толькі адно – грошы, грошы, грошы, а не імідж Рэспублікі Беларусь.
Радаслаў Дамброўскі мае намер звяртацца ў беларускія дыпламатычныя органы з просьбай патлумачыць прычыну забароны ўезду на тэрыторыю Беларусі.
Раней Беларусь неаднаразова забараняла ўезд на сваю тэрыторыю журналістам і беларускім дзеячам з Польшчы. Сярод прычынаў адмовы называлася пагроза інтарэсам беларускай дзяржавы.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Без візы ў Беларусь. 12 чэрвеня першая група, каля 30 турыстаў з Польшчы, перасякла польска-беларускі памежны пераход у Белавежскай пушчы на падставе адмысловых пропускаў. Пропускі выдаюцца Нацыянальным паркам „Белавежская Пушча”. Каб іх атрымаць, трэба запоўніць онлайн анкету і чакаць рашэння, а затым падацца на турыстычны пераход у Белавежы.
Міраслаў Раманюк, стараста Гайнаўскага павета: – 12 чэрвеня пачынаецца бязвізавы рух. Дае ён канкрэтныя мажлівасці, пра якія марылі ўсе структуры самакіравання Падляшша, таксама як і беларускі бок.
Яўген Лаўрэнюк, турыстычная фірма “Юніёр” з Беластока: – Гістарычная паездка. Не было праблемы сабраць першую групу. Я спадзяюся. Што гэта першая група, але не апошняя, і што іх будзе вельмі вельмі шмат.
Аляксандр Буры, генеральны дырэктар Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”: – Надзеі такія – каб паказаць Беларусь, Белавежскую пушчу. Гэта першы малы крок наперад ва ўзаемадзеянні Беларусі і Польшчы. Самае галоўнае тое, што мы сёння мае адзіны трагранічны аб’ект, які ўключаны ў спісы сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Мяжу на аснове пропуска могуць перасякаць грамадзяне Еўразвязу. Пакуль праект ажыцяўляецца ў аднабаковым парадку. Беларусам надалей патрэбныя візы.
Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Анджэй Згет