Былога прэзідэнта Пакістана прыгаварылі да смяротнага пакарання



Адмысловы суд Пакістана 17 снежня прыгаварыў былога прэзідэнта краіны генерала Первеза Мушарафа да смяротнага пакарання па справе аб дзяржаўнай здрадзе, піша Gulf News.

Гэта першы выпадак у гісторыі Пакістана, калі былому галоўнакамандуючаму арміяй абвешчаны смяротны прысуд. Адмысловы судовы загад можа быць абскарджаны.

Мушараф быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці ў снежні 2013 года за ўвядзенне надзвычайнага становішча 3 лістапада 2007 года з прыпыненнем дзеяння Канстытуцыі Пакістана. Ён таксама арыштаваў суддзяў Вярхоўнага суда, вытлумачыўшы свае дзеянні пагрозай з боку экстрэмістаў. Пазней гэтае рашэнне прэзідэнта стала падставай для справы аб дзяржздрадзе.

31 сакавіка 2014 года былому прэзідэнту было зачытана абвінавачанне. З-за судовых разбіральніцтваў у апеляцыйных інстанцыях працэс над Мушарафам працягваўся, пасля ён пакінуў Пакістан ў сакавіку 2016 года для лячэння за мяжой.

Мушараф прыйшоў да ўлады ў выніку дзяржаўнага перавароту ў 1999 годзе, ён быў прэзідэнтам з чэрвеня 2001 года па жнівень 2008 года. Склаў паўнамоцтвы прэзідэнта ў жніўні 2008 года на фоне пагрозы імпічменту, адмовы ў падтрымцы з боку краін Захаду і нацыянальнай арміі.

Мушарафу таксама прад’явілі абвінавачванне ў арганізацыі забойства экс-прэм’ер-міністра Пакістана Беназір Бхутта.

Беларускае Радыё Рацыя