Былому прэзідэнту БНР – 120



23 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Жук-Грышкевіча – беларускага грамадскага дзеяча, педагога, публіцыста і кіраўніка Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі.

Родам Вінцэнт Жук-Грышкевіч быў з Будслава. У 1922 годзе скончыў Віленскую беларускую гімназію. А потым паступіў на факультэт славянскай філалогіі і гісторыі Карлава ўніверсітэта ў Празе. Выкладаў беларускую мову і гісторыю ў Віленскай беларускай гімназіі, беларускую мову ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі і Віленскай вышэйшай школе палітычных навук. У Празе юнак з Будслава належаў да беларускіх студэнцкіх арганізацый, у Вільні прымаў удзел у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім настаўніцкім саюзе і ў ТБШ, друкаваў свае творы ў розных беларускіх выданнях.

Пасля 17 верасня 1939 года, калі Чырвоная Армія прыйшла ў Вільню, Вінцэнт Жук-Грышкевіч 30 верасня быў арыштаваны. Яго трымалі ў турмах у Вільні, Беластоку, Вілейцы, Мінску, Полацку, Оршы. А потым зачыталі прыгавор, дзе было сказана, што ён “сацыянальна небяспечны элемент”, а, значыць, вораг народа і савецкай ўлады. Яму прысудзілі 8 гадоў “исправительно трудовых лагерей”.

У гэтых “трудовых” лагерах беларус будаваў чыгунку ад Белага мора да паўночнага Уралу. Але ў выніку дамовы польскага генерала Уладзіслава Сікорскага (1881-1943) з савецкім партыйным дзеячам Вячаславам Молатавым (1890-1986) наконт звальнення з лагераў грамадзян польскай нацыянальнасці, да якіх трапіў і Жук-Грышкевіч, ён быў звольнены. А восенню 1942 года яго накіравалі ў Войска Польскае, якое тады фарміравалася з польскіх грамадзян.

Разам з гэтым войскам Вінцэнт Жук-Грышкевіч трапіў у армію Андэрса. Служыў у Іраку, Палесціне, Егіпце і ў Італіі. Прымаў удзел у бітве пад Монтэ-Касіна. А пасля вайны выкладаў гісторыю і псіхалогію ў польскіх вайсковых школах у Італіі і Вялікабрытаніі.

У 1946 годзе Вінцэнт Жук-Грышкевіч разам з іншымі беларусамі аргінізаваў у Лондане першую пасля вайны на эміграцыі беларускую арганізацыю “Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі”. Яго прызначылі старшынёй гэтай арганізацыі, а таксама рэдактарам беларускіх газет “Беларус на чужыне” і “На шляху”.

Напачатку 1950 года беларус пакідае Англію і пераязджае ў Канаду. У Таронка ён актыўна пачаў займацца беларускімі справамі. Арганізаваў групу “Авангард”, быў ініцыятарам і галоўным арганізатарам у Канадзе Першай сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. У Таронскім універсітэце Жук-Грышкевіч арганізаваў лектарат беларусаведы, дзе быў выкладчыкам. А ў 1952 годзе ў Атаўскім універсітэце ў Канадзе абараніў доктарскую дысертацыю па беларускай літаратуры на тэму “Лірыка Янкі Купалы”.

У лютым 1954 года прэзідэнт БНР на эміграцыі Мікола Абрамчык прапанаваў Вінцэнту Жук-Грышкевічу паехаць у Германію і арганізаваць беларускую секцыю радыё “Вызваленне” (Радыё Свабода). Ён пагадзіўся. І ўжо ў траўні 1954 года беларусы змаглі слухаць радыё “Вызваленне”.

Праз два гады Вінцэнт Жук-Грышкевіч зноў вяртаецца ў Канаду. Вярнуўшыся ў Таронта беларус прымае самы актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці. У 1966 годзе ён арганізуе Каардынацыйны Камітэт беларусаў Канады, потым – Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе. І пачынае гэтымі арганізацыямі кіраваць. Спадар Жук-Грышкевіч пачаў актыўна выступаць на розных міжнародных канферэнцыях, сустрэчах, прэзентацыях, кангрэсах. Ён актыўна прапагандаваў Беларусь і беларусаў у свеце.

Пасля смерці Міколы Абрамчыка, старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі быў Вінцэнт Жук-Грышкевіч. 29 траўня 1971 года яго афіцыйна абралі на шасцігадовы тэрмін. На гэтай пасадзе Вінцэнт Жук-Грышкевіч быў да лістапада 1982 года.

Беларускае Радыё Рацыя