Былы беларускі спецназавец прызнаўся ў забойствах апазіцыянераў
Баец беларускага «эскадрона» смерці распавёў, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Лукашэнкі 20 гадоў таму. Тады ў Беларусі зніклі апазіцыянеры Захаранка, Ганчар і Красоўскі.
Юрый Гараўскі дэманструе копію аднаго з дакументаў, якія пацвярджаюць яго службу ў СОБРы МУС Беларусі
Юрый Гараўскі, які называе сябе былым байцом беларускага САХРу, у эксклюзіўным інтэрв’ю DW распавёў, як былі выкрадзеныя і забітыя апазіцыйныя палітыкі, якія дамагаліся адстаўкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Вясной і восенню 1999 года ў Менску зніклі экс-кіраўнік МУС Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Віктар Ганчар і бізнэсмен Анатоль Красоўскі, які падтрымліваў апазыцыю. Гараўскі сцвярджае, што іх выкралі і забілі байцы спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (СОБР) унутраных войскаў МУС Беларусі. У іх ліку быў і сам Юры Гараўскі.
Паводле яго слоў, загад аб затрыманні байцам аддаваў стваральнік СОБРа падпалкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка. Ён жа, як заяўляе Гараўскі, і застрэліў палітыкаў і бізнесмена.
Былы собравец перакананы, што аб гэтых забойствах ведалі вышэйшыя службовыя асобы Беларусі – тагачасныя кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман. Гараўскі лічыць, што ў курсе быў і прэзідэнт Лукашэнка, але сцвярджаць гэта не бярэцца. «Усе загады аддаваліся ў вуснай форме. Ніякіх пісьмовых пацверджанняў, відэазапісаў, пратаколаў – нічога такога няма», – кажа Гараўскі.
У Еўропе патрабуюць растлумачыць ролю Лукашэнкі ў справе зніклых апазіцыянераў
Прызнання Юрыя Гараўскага супадаюць з высновамі спецдакладчыка Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Хрыстаса Пургурыдэса, які ў 2004 годзе расследаваў знікненні беларускіх апазіцыянераў. СОБР ён называе «эскадронам смерці пад кіраўніцтвам Паўлічэнкі». «Не можа быць, каб гэтыя выкраданні і забойствы адбыліся без згоды – мякка кажучы – вельмі-вельмі высокапастаўленых чыноўнікаў. Калі я гэта кажу, я думаю пра прэзідэнта Беларусі», – падкрэсліў Пургурыдэс у інтэрвʼю DW.
Заявы былога байца САХРу здольныя даць новы імпульс высвятлення абставінаў меркавана заказных забойстваў 20-гадовай даўніны. У гэтым упэўненая нямецкі палітык з партыі «Саюз-90« / «зялёныя» Маргарэт Баузе (Margarete Bause), член камітэта бундэстага па правах чалавека. «Нельга забываць, што сурʼёзныя абвінавачванні ў тым, што прэзідэнт Лукашэнка асабіста быў уцягнуты ў гэтыя злачынствы, да гэтага часу не знятыя. Урад Нямеччыны і ЕЗ не маюць права спыняць патрабаваць тлумачэнняў. Яны павінны рабіць усё магчымае, каб прыцягнуць вінаватых да адказу», – заявіла Маргарэт Баузе DW.
Гараўскі можа расказаць усё пад прысягай
Юрый Гараўскі бег з Беларусі ў кастрычніку 2018 года, баючыся пераследу. Зараз 41-гадовы беларус знаходзіцца ў адной з еўрапейскіх краін, дзе ён папрасіў прытулку. У дадзены момант яго хадайніцтва знаходзіцца на стадыі разгляду. У расейскую рэдакцыю DW Гараўскі звярнуўся сам у верасні 2019 года. Ён сцвярджае, што можа расказаць усё, што яму вядома, пад прысягай у судзе.
Пры гэтым у адказах Гараўскага на некаторыя пытанні DW адчувалася недаказанасць. Так, не да канца ясна, як менавіта яму ўдалося збегчы з Беларусі, чым ён займаўся пасля звальнення з СОБРа. Аднак Юрый Гараўскі прадаставіў DW арыгіналы і копіі дакументаў, якія пацвярджаюць яго асобу і гісторыю. Пасля праверкі паведамленых ім фактаў – наколькі гэта было магчыма – і прымаючы пад увагу іх значнасць, DW вырашыла апублікаваць інтэрвʼю.