Былы палітвязень Эдуард Лобаў паехаў ваяваць ва Украіну
На Youtube-акаўнце „Згуртаваньне Патрыётаў” з’явіўся кароткі зварот былога палітвязня, сустаршыні „Маладога Фронту” Эдуарда Лобава:
– Я Эдуард Лобаў сустаршыня „Маладога Фронту”, былы палітвязень. Прыехаў ва Украіну дапамагчы братняму народу ў вайне з супольным ворагам – маскалямі. Калі мы не дапаможам Украіне ваяваць у гэтай вайне, то наступным наступальным этапам Расеі можа апынуцца Беларусь. Думка прыехаць ва Украіну ў мяне з’явілася яшчэ падчас знаходжання ў калоніі. Магчымасці прыехаць, бо там знаходзіўся, першапачаткова ў мяне не было, магчымасць з’явілася толькі пасля вызвалення. На момант знаходжання ва Украіне я сустрэў шмат беларусаў, што кажа пра тое, што з беларусаў я тут не адзін. Таксама акрамя беларусаў тут шмат прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія прыехалі дапамагчы ўкраінскаму народу ў барацьбе з супольным ворагам – Расеяй.
[youtube id=”3-rPAnlLZhc”]
Актывіст „Маладога Фронту” ўжо ў 8-й класе сярэдняй школы вырашыў звязаць сваё жыццё з войскам. Чытаў адмысловую літаратуру, займаўся спортам. На службу трапіў у Віцебскі дэсант. Па вяртанні з войска Эдуард актыўна ўключыўся ў працу „Маладога Фронту”, неўзабаве стаў кіраўніком Менскай гарадской арганізацыі.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Эдуард Лобаў разам са Зміцерам Дашкевічам былі прэвентыўна затрыманыя. Лобаў быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Дашкевіч – да двух гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя